Біскупы: ЕС патрэбны спецпасланнік па абароне хрысціян
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскага Саюза (COMECE) выступіла з падтрымкай рашэння Еўрапейскага Парламента, прынятага ў мінулыя выхадныя. Гэты дакумент заклікае Еўрапейскую Камісію афіцыйна зацвердзіць пасаду каардынатара, адказнага за абарону хрысціянскіх супольнасцей. Біскупы падкрэсліваюць, што такая мера з’яўляецца неабходным крокам для захавання рэлігійнай свабоды і грамадскага спакою на кантыненце.
У парламенцкай пастанове звяртаецца ўвага на відавочны дысбаланс: хрысціянства застаецца самай пераследаванай рэлігіяй у свеце, аднак у структуры Еўрапейскага Саюза да гэтага часу няма асобы, адказнай за гэты кірунак, у той час як пасада каардынатара па барацьбе з ісламафобіяй ужо існуе.
Прадстаўнікі COMECE прапанавалі ўдакладніць назву будучай пасады, зрабіўшы акцэнт менавіта на "антыхрысціянскай нянавісці", а не на тэрміне "хрысціянафобія".
Дзейнасць новага чыноўніка павінна быць засяроджана на рэальных выпадках дыскрымінацыі, нецярпімасці і насілля супраць вернікаў у межах Саюза. Для эфектыўнасці гэтай працы біскупы патрабуюць адпаведнага фінансавання, прапаноўваючы ўключыць гэтыя выдаткі ў новы фінансавы інструмент пад назвай "AgoraEU".
Нагадаем, што COMECE паслядоўна прасоўвала гэтую ініцыятыву яшчэ са снежня 2024 года. Важнасць гэтай справы пацвердзіў і Папа Леў XIV. Пантыфік звярнуў увагу міжнароднай супольнасці на існаванне тонкай, але небяспечнай формы рэлігійнай дыскрымінацыі хрысціян, якая апошнім часам усё больш распаўсюджваецца па Еўропе.
Асобнае месца ў стратэгіі абароны павінна заняць бяспека культавых будынкаў. Еўрапейскія епіскапаты чакаюць, што новая праграма Еўрасаюза па прафілактыцы тэрарызму і экстрэмізму будзе разглядаць абарону храмаў і іншых культавыз будынкаў як адзін са сваіх галоўных прыярытэтаў.
Ці стане гэтая ініцыятыва рэальным шчытом для еўрапейскіх хрысціян, залежыць ад канчатковага рашэння Еўрапейскай Камісіі па выкананні рэкамендацый парламентарыяў і Каталіцкага Касцёла.