Пошук

Дарожны ўказальнік у грэнландскім горадзе Сісіміут адлічвае кіламетры да Капенгагена і Нью-Ёрка, сімвалізуючы сувязь арктычнага мястэчка з далёкімі сусветнымі сталіцамі Дарожны ўказальнік у грэнландскім горадзе Сісіміут адлічвае кіламетры да Капенгагена і Нью-Ёрка, сімвалізуючы сувязь арктычнага мястэчка з далёкімі сусветнымі сталіцамі  (AFP or licensors)

Біскупы краін Еўрасаюза: будучыня Грэнландыі – у руках яе народа

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) выступіла ў абарону правоў жыхароў Грэнландыі, падкрэсліўшы неабходнасць павагі да міжнароднага права ў рэгіёне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Еўрапейскія іерархі выказалі глыбокую салідарнасць з народам Грэнландыі, адзначаючы, што палітычны, грамадскі і экалагічны вектар развіцця гэтай тэрыторыі павінен вызначацца яе жыхарамі.

У афіцыйнай заяве, прынятай у Бруселі, біскупы COMECE зрабілі акцэнт на тым, што любыя рашэнні адносна будучыні вострава павінны прымацца з поўнай павагай да правоў і чалавечай годнасці мясцовага насельніцтва.

Прыярытэт годнасці чалавека над геапалітычнымі інтарэсамі

Камісія выказала сур’ёзную занепакоенасць ростам геапалітычнай напружанасці вакол Грэнландыі. У Касцёле з трывогай назіраюць за агульным пагаршэннем міжнароднага клімату, дзе дыскусіі аб лёсе рэгіёна ўсё часцей суправаджаюцца аслабленнем шматбаковага супрацоўніцтва.

Біскупы нагадалі пра неабходнасць няўхільнага захавання нормаў міжнароднага права, прынцыпаў Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і тэрытарыяльнай цэласнасці Каралеўства Даніі.

Асаблівую ўвагу ў дакуменце надаецца крызісу дыпламатыі. Біскупы цытуюць нядаўні зварот Льва XIV да дыпламатычнага корпуса, у якім Пантыфік выказаў занепакоенасць слабасцю мультылатэралізму.

Ад дыпламатыі сілы да дыялогу і кансэнсусу

Святы Айцец адзначыў, што ў сучасным свеце дыпламатыя, якая грунтуецца на дыялогу і пошуку згоды паміж усімі бакамі, усё часцей саступае месца палітыцы сілы, якую праводзяць асобныя краіны або саюзы. Менавіта гэтая тэндэнцыя, на думку іерархаў, стварае дадатковыя рызыкі для такіх стратэгічна важных рэгіёнаў, як Грэнландыя, дзе інтарэсы вялікіх дзяржаў могуць ігнараваць патрэбы мясцовай супольнасці.
 

04 лютага 2026, 10:12