Удзельніца рымскай маніфестацыі "Scegliamo la vita" (Абіраем жыццё) уздымае плакат, заклікаючы еўрапейскае грамадства абараняць святы і неад'емны дар жыцця Удзельніца рымскай маніфестацыі "Scegliamo la vita" (Абіраем жыццё) уздымае плакат, заклікаючы еўрапейскае грамадства абараняць святы і неад'емны дар жыцця  (ANSA)

Абарона жыцця і права: біскупы ЕС крытыкуюць рашэнне Бруселя

Намеснік старшыні Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) заявіў, што рашэнне Еўракамісіі фінансаваць аборты з фондаў ЕС супярэчыць базавым прынцыпам Саюза.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рашэнне Еўрапейскай камісіі выкарыстоўваць агульныя сродкі для падтрымкі так званага "абартыўнага турызму" стала падставай для сур’ёзнай занепакоенасці ў каталіцкім асяроддзі. Арцыбіскуп Антуан Эруар, віцэ-старшыня COMECE, у інтэрв’ю для “Vatican News” назваў гэты крок ігнараваннем прынцыпаў, на якіх грунтуецца Еўрапейскі саюз.

Брусель плануе дазволіць выкарыстанне рэсурсаў Еўрапейскага сацыяльнага фонду плюс (ESF+) для аплаты працэдур перарывання цяжарнасці. Хоць асобны фонд для гэтых мэт стварацца не будзе, сам факт прыцягнення агульнаеўрапейскіх грошай выклікаў вострую рэакцыю з боку Касцёла.

Еўрапейскія інстытуты выходзяць за межы сваіх кампетэнцый

Арцыбіскуп Эруар падкрэсліў, што такая пазіцыя з’яўляецца парушэннем фундаментальных трактатаў. Дакументы абавязваюць Саюз паважаць суверэнітэт дзяржаў-чальцоў у пытаннях вызначэння палітыкі аховы здароўя і медыцынскіх паслуг. Брусель фактычна спрабуе ўмяшацца ў сферу, якая цалкам падпарадкоўваецца нацыянальнаму заканадаўству.

Французскі іерарх адзначыў, што гаворка ідзе пра чарговую спробу абысці паўнамоцтвы краін ЕС. Паводле яго слоў, этычныя пытанні, і асабліва праблема абортаў, павінны вырашацца на дзяржаўным узроўні, бо прававыя нормы ў гэтай галіне істотна адрозніваюцца ў розных краінах супольнасці.

Парушэнне прававога балансу пагражае адзінству Еўропы

Прадстаўнік COMECE выказаў жаль з нагоды прынятага рашэння, якое не толькі ігнаруе прававыя нормы, але і супярэчыць духу еўрапейскага супрацоўніцтва. Паводле яго меркавання, навязванне такога роду ідэалагічных падыходаў праз фінансавыя механізмы разбурае давер паміж інстытутамі ЕС і асобнымі краінамі.
 

28 лютага 2026, 10:15