Справядлівы мір для Украіны: заклік еўрапейскіх біскупаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У чацвёртую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны на тэрыторыі Украіны COMECE сумесна з фондам "Centesimus Annus Pro Pontifice" звярнулася да людзей добрай волі.
Гэтая ініцыятыва стала водгукам на заклік, які агучыў Папа Леў XIV, аб малітоўнай падтрымцы ўсіх, хто пакутуе ад жахаў ваенных дзеянняў. Акцыя таксама інтэграваная ў агульнаеўрапейскую кампанію "З’яднаныя ў малітве за мір ва Украіне і на Святой Зямлі", ініцыяваную Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) у Вялікім посце.
Старшыня COMECE арцыбіскуп Марыяна Крачата выказаў глыбокую занепакоенасць працягласцю канфлікту і яго катастрафічнымі наступствамі. Іерарх адзначыў велізарную колькасць ахвяр і маштабныя разбурэнні, якія патрабуюць не толькі спачування, але і канкрэтных дзеянняў.
Касцёл настойліва заклікае Еўрапейскі Саюз і дзяржавы-члены актывізаваць дыпламатычныя намаганні для дасягнення трывалага і справядлівага міру.
Акрамя палітычнага ўрэгулявання, каталіцкія іерархі робяць акцэнт на духоўным вымярэнні і будучым аднаўленні краіны. Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці заклікае даверыць Богу працэс прымірэння і маліцца за ўсіх, хто працягвае несці на сабе цяжар вайны, спадзеючыся на дар супакою для Еўропы і ўсяго свету.