Арцыбіскуп Габрыэле Кача Арцыбіскуп Габрыэле Кача  

Прадстаўнік Папы ў Нью-Ёрку выступіў у абарону сям’і

Падчас пасяджэння Камісіі ААН па грамадскім развіцці арцыбіскуп Габрыэле Кача заклікаў міжнародную супольнасць паставіць годнасць чалавека і падтрымку сям’і ў цэнтр глабальнай палітыкі.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Выступаючы на 64-й сесіі Камісіі ў Нью-Ёрку, якая праходзіць з 2 па 10 лютага 2026 года, Пастаянны прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў неабходнасць каардынаваных і справядлівых мер для прасоўвання грамадскага прагрэсу. Ён адзначыў, што сапраўдны росквіт чалавека патрабуе не толькі задавальнення базавых патрэб у ежы і жыллі, але і захавання свабоды, а таксама якаснай адукацыі (ПОЎНЫ ТЭКСТ ПРАМОВЫ).

Ватыканскі дыпламат звярнуў асаблівую ўвагу на прынцып субсідыярнасці, заклікаючы ўрады да супрацоўніцтва з мясцовымі супольнасцямі і рэлігійнымі арганізацыямі. Ён нагадаў, што менавіта сям’я з’яўляецца фундаментальным асяродкам грамадства, адказным за дабрабыт сваіх чальцоў, і таму яна патрабуе ўсебаковай дзяржаўнай падтрымкі.

Духоўнае вымярэнне барацьбы з галечай

У сваёй прамове арцыбіскуп Кача спаслаўся на словы Папы Льва XIV, які настойвае на неабходнасці ліквідацыі структурных прычын беднасці. Пантыфік папярэджвае, што ігнараванне гэтай праблемы падобна да хваробы, якая аслабляе грамадства і вядзе да новых крызісаў.

Паводле прадстаўніка Святога Пасада, пазбаўленні, выкліканыя беднасцю і беспрацоўем, маюць не толькі матэрыяльны, але і маральны характар, правакуючы адчай і адзіноту. Каардынаваная палітыка будзе эфектыўнай толькі тады, калі яна возьме пад увагу гэтае духоўнае вымярэнне, прызнанае на самітах у Капенгагене і Досе.

Святы Пасад пацвярджае сваю прыхільнасць справе сацыяльнай справядлівасці, падтрымліваючы ўсе намаганні, накіраваныя на агульнае дабро і інтэгральнае развіццё кожнай асобы.
 

05 лютага 2026, 10:50