“Bambino Gesù” – першы дзіцячы шпіталь у Еўропе і шосты ў свеце
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Гэта прызнанне вынікае з штодзённай каманднай працы ўсёй супольнасці шпіталя: дактароў, медсясцёр, медыцынскіх работнікаў, тэхнічнага і адміністрацыйнага персаналу, даследчыкаў, валанцёраў і душпастыраў, якія клапоцяцца пра дзяцей і іх сем’і. Менавіта ціхая адданая праца гэтых людзей у аддзяленнях, лабараторыях, офісах, прыёмных робіць магчымым аказанне вузкаспецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў спалучэнні з увагай да чалавечага і сацыяльнага вымярэння”, - адзначыў кіраўнік “Bambino Gesù” Тыцыяна Анэсці.
Рэйтынг "Лепшыя шпіталі свету" (World’s Best Hospitals) складаецца на аснове шырокага міжнароднага апытання медыцынскіх работнікаў, незалежных даных аб якасці і бяспецы медыцынскай дапамогі, а таксама клінічных паказчыкаў і вынікаў. У 2026 годзе было ацэнена 2500 бальніц у 32 краінах свету. Спецыялізаваныя клінікі ў 12 галінах, у тым ліку педыятрыі, ацэньваліся асобна.
Гэта ўжо не першае прызнанне якасці медыцынскіх паслуг бальніцы. У мінулыя гады яна атрымлівала важныя міжнародныя сертыфікаты, уключаючы статус навукова-даследчай клінічнай установы JCI – міжнароднай камісіі па акрэдытацыі. “Bambino Gesù” з’яўляецца першым педыятрычным цэнтрам у Еўропе па ўдзеле ў еўрапейскіх сетках па рэдкіх захворваннях. Штогод бальніца праводзіць амаль 3 мільёны амбулаторных абследаванняў, 100 тысяч прыёмаў у аддзяленні хуткай дапамогі і больш за 33 тысячы хірургічных працэдур.
“Bambino Gesù” належыць Святому Пасаду і дзейнічае як некамерцыйная ўстанова. Яна з’яўляецца неад'емнай часткай нацыянальнай сістэмы аховы здароўя Італіі.