Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Вернікі пад ціскам: на Кубе зафіксавана 900 выпадкаў рэпрэсій

У 2025 годзе ўлады Кубы здзейснілі амаль 900 актаў рэпрэсій на рэлігійнай глебе. Хоць колькасць правапарушэнняў крыху знізілася, пераслед вернікаў застаецца сістэматычным.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле ацэнак Кубінскага даследчага цэнтра па правах чалавека (OCDH), са студзеня па снежань 2025 года на востраве было зафіксавана прынамсі 873 выпадкі пераследу грамадзян і замежнікаў за іх рэлігійную дзейнасць.

Гэтая лічба крыху меншая за паказчык 2024 года, калі было пацверджана 996 такіх інцыдэнтаў, аднак метады ціску на духавенства і свецкіх асоб становяцца больш жорсткімі.

Найбольшая хваля рэпрэсій прыпала на перыяд з сакавіка па чэрвень 2025 года, калі на Кубе ўзмацніліся пратэсты супраць пастаянных адключэнняў электрычнасці і недахопу пітной вады.

Спіс парушэнняў уключае не толькі затрыманні, але і прадузятыя судовыя працэсы, абмежаванне свабоды сумлення і нават прамыя перашкоды ў рэлігійным жыцці. Даследчы цэнтр паведамляе пра выпадкі, калі вернікам не дазвалялі сустракацца са сваімі душпастырамі, а ўлады канфіскоўвалі рэчы, неабходныя для культу, у тым ліку Бібліі і ружанцы.

На фоне гэтых падзей кубінскі епіскапат у канцы студзеня 2026 года выступіў з вострай заявай. Іерархі заклікалі Гавану да сапраўднага дыялогу і павагі да чалавечай годнасці, паколькі пакуты жыхароў вострава дасягнулі крытычнай мяжы.

Касцёл патрабуе ад урада спыніць практыку выключэння грамадзян з грамадскага жыцця і адмовіцца ад выкарыстання сілы супраць тых, хто мірна выказвае сваю нязгоду.
 

06 лютага 2026, 10:09