Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сусветны дзень барацьбы з праказай: словы блізкасці Папы

Нават у нашыя дні кожныя дзве хвіліны выяўляюцца новыя выпадкі захворвання на праказу. Леў XIV выказаў блізкасць людзям, якія пакутуюць ад гэтай хваробы, і тым, хто аказвае ім дапамогу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі здароўя, у 2024 годзе ў свеце налічвалася 172 717 чалавек, хворых на праказу. Гэта на 5,5 працэнта менш, чым годам раней. Тым не менш сітуацыя застаецца сур’ёзнай: новыя выпадкі захворвання выяўляюцца кожныя дзве хвіліны, - паведаміла Італьянская асацыяцыя сяброў Рауля Фолеро.

Слуга Божы Рауль Фолеро

Арганізацыя носіць імя французскага журналіста, паэта і падарожніка, які прысвяціў усё сваё жыццё клопату пра хворых на праказу. Яшчэ пры жыцці Фолеро называлі “апосталам пракажоных” і “святым Францішкам ХХ стагоддзя”. У 2007 годзе быў распачаты працэс яго беатыфікацыі.

Дзякуючы намаганням Рауля Фолеро ў 1954 годзе быў устаноўлены Сусветны дзень барацьбы з праказай: ён адзначаецца кожны год у апошнюю нядзелю студзеня і мае на мэце прыцягнуць увагу да сітуацыі людзей, якія пакутуюць ад праказы і з прычыны сваёй хваробы часта знаходзяцца на ўзбочыне грамадства. Сёлетні дэвіз міжнароднай ініцыятывы: “Хворы выздараўлівае толькі калі нехта яго абдыме”.

Шырокі маштаб захворванняў

Паводле Італьянскай асацыяцыі сяброў Рауля Фолеро, у свеце налічваецца каля трох мільёнаў чалавек, якія, нягледзячы на выздараўленне ад праказы, жывуць з інваліднасцю, выкліканай гэтай хваробай. Краіны з найбольшай колькасцю выпадкаў захворвання – Індыя, Бразілія і Інданезія. У іх пражывае амаль 80 працэнтаў ад усіх хворых у свеце. Дагэтуль застаецца высокай колькасць выпадкаў захворвання сярод дзяцей ва ўзросце да пятнаццаці гадоў. Гэта праблема датычыцца ў першую чаргу Паўднёва-Усходняй Азіі.

Салідарнасць Папы

Леў XIV запэўніў у сваёй блізкасці хворых на праказу і ўсіх, хто аказвае ім дапамогу, пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла 25 студзеня 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Асаблівую падзяку Папа выказаў Італьянскай асацыяцыі сяброў Рауля Фолеро, якая праводзіць маштабную дзейнасць па барацьбе з хваробай і дапамозе пацярпелым ад яе.
 

26 студзеня 2026, 13:13