Леў XIV і Сеамус Боланд падчас аўдыенцыі ў Ватыкане Леў XIV і Сеамус Боланд падчас аўдыенцыі ў Ватыкане  (@VATICAN MEDIA)

Папа і прадстаўнік еўрапейскай супольнасці аб барацьбе з галечай

Старшыня Еўрапейскага эканамічна-сацыяльнага камітэта Сеамус Боланд абмеркаваў з Львом XIV барацьбу з беднасцю, абарону дэмакратыі і сацыяльную інтэграцыю ў сучаснай Еўропе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы ў Ватыкане, якая адбылася 10 студзеня 2026 года, асаблівая ўвага была нададзена парадоксу сучаснай Еўропы: нягледзячы на тое, што рэгіён застаецца адным з найбагацейшых у свеце, кожны пяты яго жыхар сутыкнецца з рызыкай галечы і грамадскай ізаляцыі.

Сеамус Боланд выказаў глыбокую ўдзячнасць Пантыфіку за яго здольнасць быць голасам тых, хто апынуўся на ўзбочыне грамадства, падкрэсліўшы, што Еўрасаюз абавязаны дзейнічаць больш рашуча.

Сярод ключавых выклікаў кіраўнік камітэта вылучыў глыбокія псіхалагічныя наступствы і сацыяльную трывожнасць, з якімі сутыкаецца маладое пакаленне. Пандэмія, ціск сацыяльных сетак, жыллёвы крызіс і страх перад кліматычнымі зменамі фарміруюць атмасферу няўпэўненасці.

Боланд адзначыў, што клопат пра псіхічнае здароўе моладзі і іх грамадзянскую актыўнасць з’яўляецца прыярытэтам, які цалкам супадае з ініцыятывамі Льва XIV.

Еўропа павінна выбраць шлях годнасці і інклюзіі

Асобнае месца ў дыялогу заняла тэма міграцыі. Прадстаўнік еўрапейскай інстытуцыі заявіў пра поўную падтрымку заклікаў Святога Айца да гасціннасці і захавання чалавечай годнасці ў дачыненні да замежнікаў.

Не засталося па-за ўвагай і пытанне штучнага інтэлекту. Боланд падзяліў меркаванне Папы, што тэхналагічны прагрэс не можа адбывацца за кошт правоў рабочых. Галоўны прынцып застаецца нязменным: чалавек, а не машына, павінен кантраляваць рашэнні, якія ўплываюць на жыццё, а новыя тэхналогіі павінны служыць прыладай развіцця, а не маргіналізацыі.

Касцёл і грамадскія арганізацыі як фундамент дэмакратыі

У заяве па выніках сустрэчы падкрэсліваецца фундаментальная роля арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку касцельных структур. Менавіта яны з’яўляюцца той “тканінай”, якая злучае людзей, будуе масты паміж супольнасцямі і дапамагае пераадольваць дыскрымінацыю.

Паводле слоў Боланда, калі Еўропа абярэ шлях спачування і справядлівасці, гэта дапаможа не толькі перамагчы беднасць, але і аднавіць надзею на лепшую будучыню для ўсіх грамадзян.

Еўрапейскі эканамічна-сацыяльны камітэт, які з’яўляецца дарадчым органам Саюза, плануе і надалей абапірацца на маральны аўтарытэт Касцёла ў гэтых пытаннях.
 

13 студзеня 2026, 10:02