Чаму студэнты прэстыжнага ўніверсітэта выбіраюць Касцёл?
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У каталіцкім універсітэце Нотр-Дам, што ў штаце Індыяна, праграма падрыхтоўкі дарослых да хросту (OCIA) перажывае небывалы ўздым. Як паведамляе “National Catholic Register”, 76 маладых людзей рыхтуюцца да поўнага далучэння да каталіцкай супольнасці. Сярод іх 42 чалавекі прымуць хрост упершыню, а астатнія рыхтуюцца да Першай Камуніі і канфірмацыі.
Гэты паказчык стаў самым высокім у гісторыі навучальнай установы, прычым колькасць ахвотных расце штогод: з 33 чалавек у 2023 годзе да цяперашняга рэкорду.
Студэнт першага курса Алекс Хуанг прызнаецца, што да паступлення быў у храме толькі аднойчы – як глядач на музычным канцэрце. Яго ўразіла тое, наколькі шчыра і нязмушана студэнты ўніверсітэта гавораць пра сваю веру. Менавіта гэтая “каталіцкая атмасфера” і адкрытасць сяброў падштурхнулі яго да рашэння стаць часткай Касцёла.
Супрацоўнік універсітэцкага душпастырства Брэт Перкінс заўважае, што сучасная моладзь прыходзіць на праграму па-сапраўднаму “распаленая” верай і жаданнем дзяліцца ёю з іншымі.
Як тлумачыць Брэт Перкінс, у аснове гэтых навяртанняў ляжыць глыбокая чалавечая патрэба. У сэрцы кожнага існуе туга па адносінах з Богам, якую можа запоўніць толькі Бясконцы. Студэнты, якія праходзяць гэты шлях, адзначаюць, што для іх важна не проста прыняць сакрамэнты, але і адчуваць сябе часткай вялікай супольнасці маладых вучняў Хрыста.
На сённяшні дзень больш за 80 працэнтаў студэнтаў Нотр-Дам дэкларуюць сваю прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла, ператвараючы навучальную ўстанову ў прастору жывога сведчання веры.