ЗША спрасцілі візавыя правілы для замежных святароў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дэпартамент унутранай бяспекі ЗША прыняў важнае рашэнне для ўсіх рэлігійных супольнасцей. Раней замежныя святары, якія адпрацавалі ў краіне пяць гадоў па візе R-1, былі вымушаныя з’язджаць на Радзіму і чакаць там мінімум 12 месяцаў, перш чым атрымаць дазвол на вяртанне.
Як паведамляе “OSV News”, цяпер гэтае патрабаванне аб абавязковым гадавым перапынку адменена.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША горача прывітала гэты крок. Старшыня епіскапату арцыбіскуп Пол Коклі адзначыў, што такія змены дапамогуць пазбегнуць сур’ёзных праблем у душпастырскай працы. Паколькі кожны чацвёрты каталіцкі святар у Злучаных Штатах з’яўляецца замежнікам, доўгая адсутнасць душпастыраў раней пакідала многія супольнасці без належнай апекі.
Хоць новае правіла і палягчае жыццё, каталіцкія праваабаронцы падкрэсліваюць: гэта толькі частковае вырашэнне пытання. Святары па-ранейшаму павінны выязджаць з краіны пасля заканчэння тэрміну візы. Касцёл працягвае працаваць з Кангрэсам, каб дамагчыся права для духоўных асоб заставацца ў ЗША на законных падставах нават падчас чакання пастаяннага віду на жыхарства.