Табло ў цэнтры Кіева фіксуе студзеньскі мароз у -19 на фоне надзвычайнага становішча ў энергетыцы з прычыны расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры Табло ў цэнтры Кіева фіксуе студзеньскі мароз у -19 на фоне надзвычайнага становішча ў энергетыцы з прычыны расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры  (AFP or licensors)

Нунцый ва Украіне: паміж цемрай вайны і святлом веры

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас параўнаў энергетычны крызіс ва Украіне з Галадаморам і распавёў пра малітву за мір у Бярдычаве з нагоды 35-годдзя адраджэння структур Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ваенная зіма 2026 года прынесла ва Украіну суровыя выпрабаванні, якія закранулі кожную сям’ю і кожны дом. Масіраваныя атакі на энергетычную інфраструктуру пакінулі тысячы жылых будынкаў без ацяплення, паставіўшы пад пагрозу жыццё людзей пры тэмпературы, якая ўначы апускаецца да дваццаці градусаў марозу.

Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас у інтэрв’ю Святлане Духовіч з Украінскай рэдакцыі “Vatican News” параўнаў цяперашні стан з трагедыяй Галадамору 1930-х гадоў.

З прычыны адсутнасці святла пякарні не могуць выпякаць хлеб, а жыхары Львова і Харкава атрымліваюць электрычнасць толькі на некалькі гадзін у суткі. "Гэты энергетычны крызіс выклікае, акрамя вялікіх цяжкасцей для цывільнага насельніцтва ў холады, таксама і дэфіцыт ежы", - адзначыў іерарх, падкрэсліўшы, што сітуацыя застаецца вельмі складанай ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Нягледзячы на цемру і холад, Касцёл працягвае сваю місію надзеі. 16 студзеня 2026 года ў марыйным санктуарыі ў Бярдычаве іерархі лацінскага абраду сабраліся на ўрачыстую святую Імшу. Гэтая падзея была прысвечана 35-годдзю аднаўлення касцельных структур ва Украіне і адкрыццю Года Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Нунцый падкрэсліў, што малітва, якая праходзіла ў еднасці з Папам Львом XIV і ўсім Касцёлам, стала сапраўднай духоўнай зброяй супраць злобы агрэсара.

Размова з біскупамі з прыфрантавых зон, такіх як Харкаў і Адэса, сведчыць пра глыбокую псіхалагічную траўміраванасць насельніцтва. Арцыбіскуп Кульбокас падзяліўся гісторыяй валанцёра, які пасля страты калег ад удару дрона адчувае цяжар вайны нават у гуках звычайнага жыцця.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў вернікаў ва ўсім свеце маліцца не толькі за фізічнае выжыванне ўкраінцаў, але і за іх ментальнае здароўе, бо кожны жыхар краіны сёння нясе на сабе нябачныя, але балючыя раны ваеннай трагедыі.
 

17 студзеня 2026, 08:48