Трагедыя ў Кран-Мантана: Касцёл падтрымлівае ахвяр выбуху
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У паведамленні, выдадзеным праз некалькі гадзін пасля здарэння, касцельныя ўлады выказалі шчырыя спачуванні сем’ям загінулых і пацярпелых.
Навагодняе святкаванне ў бары “Le Constellation” пераўтварылася ў кашмар, калі з прычыны моцнага пажару загінулі дзясяткі чалавек, а каля сотні атрымалі сур’ёзныя раненні і апёкі.
У кантоне Вале быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча. Касцёл выказаў асаблівую ўдзячнасць ратавальнікам, медыкам і паліцыі, якія самааддана працавалі на месцы трагедыі і ў бальніцах, дапамагаючы сотням пацярпелых.
Сьонская дыяцэзія падкрэсліла драматычную сімвалічнасць таго, што гэтая бяда здарылася ў дзень, калі Каталіцкі Касцёл ушаноўвае Найсвяцейшую Багародзіцу. Усе ахвяры і іх блізкія былі давераны мацярынскай апецы Маці Божай з надзеяй, што сем’і, якія спазналі пакуты, знойдуць суцяшэнне і падтрымку ў гэты цяжкі час.
Мясцовыя парафіі і духавенства заклікаюць вернікаў да супольнай малітвы, каб Божая міласэрнасць агарнула кожнага, каго закранула гэта жудаснае здарэнне, і дала сілы перажыць страту блізкіх.