Шлях святога Якуба: новы рэкорд і паўмільёна пілігрымаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле звестак пілігрымскага бюро ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, мінулы год стаў сапраўды знакавым: дыпломы аб праходжанні шляху атрымалі 530 987 чалавек.
Цікава, што сярод падарожнікаў пераважаюць жанчыны, якія складаюць 53,4 працэнта ад агульнай колькасці. Нават у апошні дзень года, нягледзячы на зімовае надвор'е, да Базілікі Святога Якуба прыйшлі 257 пілігрымаў, што пацвярджае новую тэндэнцыю на зімовыя вандроўкі дзеля пазбягання тлуму ў летнія месяцы.
Найбольшую групу традыцыйна склалі іспанцы (228 527), за імі ідуць грамадзяне ЗША, Італіі і Германіі. Эксперты чакаюць, што гэты бум працягнецца ў 2026 годзе і ўзмоцніцца ў 2027 годзе, калі будзе святкавацца чарговы Святы год Якуба – гэта адбываецца кожны раз, калі ўрачыстасць святога 25 ліпеня прыпадае на нядзелю.
Нагадаем, што папулярнасць Шляху святога Якуба пачала імкліва расці ў 1980-я гады. Калі тады колькасць пілігрымаў вымяралася толькі тысячамі, то сёння “Каміно” ператварылася ў глабальны духоўны і культурны феномен, які аб'ядноўвае людзей з усяго свету вакол магілы святога апостала.