Алімпійскія сімвалы ў італьянскай Антерсельве (Антхольцы) Алімпійскія сімвалы ў італьянскай Антерсельве (Антхольцы)  (AFP or licensors)

Душа спорту: ініцыятыва Міланскай архідыяцэзіі да Гульняў

Міланская архідыяцэзія запусціла праграму “Адзін для аднаго”, каб падчас зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў спартсмены маглі знайсці прастору для малітвы і духоўнага роздуму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас прэс-канферэнцыі ў Мілане арцыбіскуп Марыа Дэльпіні падкрэсліў, што галоўная мэта касцельнага ўдзелу - барацьба з “баналізацыяй спорту”.

Паводле яго слоў, нельга зводзіць спаборніцтвы толькі да голых вынікаў, камерцыі ці ідалапаклонства перад фізічнай дасканаласцю. Спорту неабходна вярнуць чалавечае аблічча, дзе за моцным целам бачна душа, здольнасць да суперажывання і ўзаемная падтрымка.

Дыкастэрыя па культуры і адукацыі выступіла суарганізатарам гэтай ініцыятывы. Яе прэфект кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса ў сваім пасланні адзначыў, што Касцёл не адмаўляе каштоўнасці канкурэнтнай барацьбы, але імкнецца накіраваць яе ў рэчышча супольнага дабра. Гэта дапаможа пазбегнуць празмернага індывідуалізму, які часта пануе ў сучасным прафесійным спорце.

Праграма “Адзін для аднаго” распачнецца 29 студзеня 2026 года ўрачыстай святой Імшой у старажытнай адзінаццацівечнай Базіліцы Сан-Бабіла. Менавіта гэты храм на час Гульняў атрымае статус “Касцёла атлетаў”.

Падчас набажэнства прадстаўнікі ватыканскай спартыўнай асацыяцыі “Athletica Vaticana” перададуць дыяцэзіі “Крыж спартсменаў”. Гэты сімвал, благаслаўлены Папам Францішкам яшчэ ў 2013 годзе, традыцыйна суправаджае Алімпійскія гульні, пачынаючы з Лондана і Парыжа.

У межах праграмы дзве мясцовыя парафіі ператворацца ў “Вёскі каштоўнасцей”, названыя ў гонар прынцыпаў Алімпійскай хартыі: дасканаласці, сяброўства і павагі. Тут будуць праходзіць выставы, сустрэчы са спартсменамі і тэатральныя пастаноўкі.

Акрамя таго, для замежных дэлегацый і турыстаў святыя Імшы будуць цэлебравацца на розных мовах, уключаючы англійскую, французскую і нямецкую.

Для гасцей горада падрыхтаваны спецыяльныя туры “Шляхі прыгажосці”, падчас якіх валанцёры пазнаёмяць усіх жадаючых з архітэктурнай і духоўнай спадчынай чатырох гістарычных храмаў горада.
 

26 студзеня 2026, 10:08