Пошук

Пасля расправы на футбольным полі ў Саламанцы Пасля расправы на футбольным полі ў Саламанцы  (AFP or licensors)

Крывавая бойня ў Мексіцы: Касцёл патрабуе правасуддзя

Біскупы Мексікі заклікалі краіну да супольнай працы дзеля міру пасля масавага забойства на футбольным полі ў штаце Гуанахуата, якое забрала жыцці 11 чалавек.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Трагедыя адбылася ў Саламанцы, калі ўзброеныя злачынцы адкрылі агонь па іграках і гледачах падчас матча. Акрамя загінулых, яшчэ шмат чалавек атрымалі раненні. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Мексікі заявіла, што гэты акт глыбока раніць чалавечую годнасць, і запатрабавала, каб злачынства не засталося непакараным.

Біскуп Энрыке Дыяс Дыяс з дыяцэзіі Ірапуата адзначыў, што трагедыя стала вынікам “грэбавання” з боку сям’і і дзяржавы. Ён заклікаў не толькі ўлады, але і самі сем’і браць на сябе адказнасць за бяспеку ў грамадстве, якое пакутуе ад насілля наркакартэляў.

Штат Гуанахуата, які лічыцца каталіцкім сэрцам Мексікі, у апошнія гады стаў арэнай жорсткіх сутыкненняў наркакартэляў. Насілле не абыходзіць бокам і храмы: у горадзе Пуэбла злачынцы спрабавалі падпаліць дзверы катэдры. Арцыбіскуп Віктар Санчэс Эспіноса ўжо правёў у базіліцы спецыяльнае набажэнства ў якасці акта перапрашэння за гэтую знявагу.

Касцёл у Мексіцы, разам з манаскімі супольнасцямі, працягвае прасоўваць "Нацыянальны дыялог за мір". Гэтая ініцыятыва заклікае ўлады пачуць ахвяр крыміналу і звярнуць увагу на праблему зніклых без вестак, колькасць якіх у краіне пастаянна расце. Біскупы заклікаюць вернікаў не паддавацца адчаю і працягваць маліцца за спыненне культуры смерці.
 

29 студзеня 2026, 11:05