Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Іерусалім: хрысціянскія школы пратэстуюць супраць абмежаванняў

Каля дзесяці тысяч вучняў хрысціянскіх школ Іерусаліма не змаглі вярнуцца да заняткаў пасля калядных свят з прычыны забастоўкі супраць візавых абмежаванняў для настаўнікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дырэктары дванаццаці прыватных адукацыйных устаноў Іерусаліма абвясцілі пратэст супраць рашэння ізраільскіх улад не працягваць дазволы на працу для 171 настаўніка з тэрыторый акупаванага Заходняга берага Іардана.

Генеральны сакратарыят хрысціянскіх адукацыйных устаноў Іерусаліма ў сваёй заяве ад 10 студзеня 2026 года падкрэсліў, што такія дзеянні ідуць на карысць толькі тым, хто жадае нанесці шкоду адукацыйнаму і педагагічнаму жыццю.

Палітычны ціск праз адміністрацыйныя бар'еры

Як паведамляе “L'Osservatore Romano”, праблема пачалася яшчэ летам, калі некаторыя дазволы былі працягнуты толькі да 11 студзеня 2026 года. Брат Дауд Касабры, дырэктар Каледжа братоў хрысціянскіх школ, у каментары для “TerraSanta.net” і выдання “La Croix” адзначыў, што нават выдадзеныя дакументы не ўключаюць суботу, якая ў гэтых школах з'яўляецца працоўным днём.

Ізраільскі бок аргументуе сваю пазіцыю тым, што палесцінская праграма нібыта змяшчае заклікі да нянавісці, што стварае ціск на прыватныя школы з мэтай прымусіць іх прыняць ізраільскую навучальную праграму як умову для атрымання субсідый.

Палесцінскае міністэрства адукацыі падтрымала пратэст, назваўшы гэтыя меры часткай мэтанакіраванай атакі на палесцінскую ідэнтычнасць у Іерусаліме і парушэннем міжнародных канвенцый. На думку ведамства, права на адукацыю і свабоду перамяшчэння з'яўляецца фундаментальным і не можа быць прадметам кампрамісаў.

Новы закон як пагроза існаванню школ

Пасля апублікавання заявы хрысціянскіх школ ізраільскія ўлады пагадзіліся працягнуць некаторыя дазволы, але толькі на пяць дзён замест звычайных сямі.

Аднак сітуацыя застаецца крытычнай з прычыны законапраекта 2025 года, які разглядаецца ў Кнесеце. Дакумент прадугледжвае забарону на працу настаўнікам, якія атрымалі адукацыю на палесцінскіх тэрыторыях. Улічваючы, што больш за 60 працэнтаў педагогаў у Іерусаліме маюць менавіта такую адукацыю, гэтая ініцыятыва стварае пастаянную пагрозу для дзейнасці навучальных устаноў.

Фонд “Terra Santa” папярэджвае, што бюджэты школ і без таго сур'ёзна пацярпелі ад вайны, а новыя абмежаванні могуць прывесці да поўнага калапсу хрысціянскай адукацыйнай сістэмы ў рэгіёне.
 

15 студзеня 2026, 09:55