Пробашч з Грэнландыі: наш востраў – не проста зямля, а супольнасць
Vatican News
Епіскап Евангельска-лютэранскай Царквы Грэнландыі Панерак Зігстад Мунк заклікала да малітвы за Данію і аўтаномны ўрад Грэнландыі. Па яе словах, склаўся беспрэцэдэнтны геапалітычны кантэкст. "У такой сітуацыі вельмі важна захоўваць спакой. Малітвы вылечваюць і надаюць сэнс", - адзначыла епіскап Мунк у заяве, апублікаванай Сусветнай радай Цэркваў.
“Людзі відавочна занепакоеныя. Гэта пытанне правоў чалавека, годнасці і павагі да міжнародных законаў і дамоваў. Мы – народ малы, але не нябачны. Наша будучыня – гэта не тое, што можна вырашаць без нашага ўдзелу. У нас ёсць мова, культура, продкі, дзеці і будучыня. Мы – людзі, а не ўласнасць. Грэнландыя – не зямля для пакупкі. Гэта наш дом, і ён не прадаецца”, - падкрэсліла епіскап Мунк.
Большасць жыхароў – супраць
Паводле апытанняў, большасць жыхароў Грэнландыі выступае супраць анексіі. Насельніцтва складаюць 57 тысяч чалавек, каля 90% – этнічныя інуіты. Пераважная рэлігія –пратэстантызм, 95% насельніцтва вострава належыць да Евангельска-лютэранскай Царквы Даніі. Народ стагоддзямі абараняў сваю культуру і глыбокія адносіны з прыродай. Епіскап Мунк пацвердзіла сваю гатоўнасць і далей прытрымлівацца гэтых традыцый і працягваць супраціў як лідэр Царквы і звычайная грамадзянка.
Занепакоенасць каталіцкай супольнасці
Каталіцкі пробашч з Нука, сталіцы вострава, таксама выказаў заклапочанасць магчымай анексіяй. Ксёндз Тамаш Майцэн падкрэсліў, што яго найбольш непакоіць не геапалітычны, а чалавечы аспект. “Мяне турбуе, што наша радзіма можа разглядацца як кавалак зямлі, а не як супольнасць людзей з сем'ямі, традыцыямі і верай. Тон многіх з гэтых заяў быў рэзкім і трывожным, асабліва калі гаворка ідзе пра кантроль або валоданне нашым востравам. Як святар, я лічу, што мір і дыялог важней канфліктаў дзеля захопу зямлі або рэсурсаў", - сказаў айцец Майцэн, спадзеючыся, што Грэнландыя застанецца мірным і бяспечным месцам.