Logo CEF - conférence des évêques de France - conference episcopale

Нельга клапаціцца пра жыццё, забіваючы: пратэст біскупаў

Французскія біскупы выступілі з рэзкай крытыкай законапраекта аб эўтаназіі, назваўшы ілжывым выкарыстанне паняцця "братэрства" для апраўдання працэдуры наўмыснага пазбаўлення жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Напярэдадні дэбатаў у Сенаце, запланаваных на 20 студзеня 2026 года, Пастаяннай рада Канферэнцыі Біскупаў Францыі апублікавала ў выданні "La Croix" сур’ёзнае папярэджанне.

Іерархі падкрэслілі, што спроба прэзідэнта Эмануэля Макрона назваць закон аб "дапамозе ў паміранні" актам братэрства з’яўляецца падменай паняццяў. Паводле слоў біскупаў, сапраўднае братэрства заключаецца не ў паскарэнні смерці, а ў тым, каб ніколі не пакідаць чалавека, які пакутуе, у самыя цяжкія хвіліны яго жыцця.

Сапраўдная дапамога: паліятыўны догляд замест смяротнай ін’екцыі

Біскупы ставяць вострае пытанне: навошта патрэбны новы закон? Калі ў Францыі кажуць, што людзі "дрэнна паміраюць", дык гэта не праз забарону эўтаназіі, а праз недастатковую рэалізацыю існуючых правоў на паліятыўную дапамогу. Сёння амаль чвэрць патрэб у такім доглядзе застаецца незадаволенай, што стварае няроўнасць у доступе да годнага завяршэння жыцця.

Касцёл заклікае палітыкаў усвядоміць антрапалагічныя і этычныя наступствы будучага галасавання. "Грамадства развіваецца не тады, калі прапануе смерць як рашэнне, а калі мабілізуецца для падтрымкі безабаронных", - адзначаецца ў заяве.

Адзіным гуманным шляхам іерархі лічаць абарону жыцця, а не яго гвалтоўнае спыненне, якое супярэчыць сумленню медыкаў і сапраўдным каштоўнасцям Рэспублікі.
 

17 студзеня 2026, 09:47