Гуманітарная катастрофа ў Венесуэле: заклік “Caritas”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дабрачынная арганізацыя нямецкіх католікаў “Caritas International” са штаб-кватэрай у Фрайбургу б’е трывогу наконт надзвычай напружанай сітуацыі ў Венесуэле.
Пасля інтэрвенцыі ЗША гуманітарнае становішча ў гэтай краіне стала крытычным: рост коштаў на прадукты харчавання, атмасфера страху і агульная неабароненасць пазбаўляюць людзей надзеі на заўтрашні дзень.
Ёнас Брэнер, каардынатар дапаможных праектаў “Caritas International” у Венесуэле, адзначае, што штодзённасць мясцовых жыхароў ператварылася ў пастаяннае змаганне за задавальненне базавых патрэб. Людзі знясіленыя не толькі фізічна, але і маральна, а грамадства апынулася на мяжы поўнага калапсу.
У адказ на гэтыя выклікі нямецкія католікі абвясцілі аб працягу паставак прадуктаў харчавання ў пункты бясплатнай выдачы гарачых абедзенных порцый па ўсёй краіне. Галоўным партнёрам у гэтай місіі выступае “Caritas” Венесуэлы, якая з’яўляецца адной з нешматлікіх арганізацый, што маюць разгалінаваную сетку дапамогі нават у самых аддаленых кутках дзяржавы.
Прадстаўнікі “Caritas” падкрэсліваюць, што маштабы крызісу патрабуюць тэрміновага пашырэння праграм падтрымкі. Асаблівая ўвага надаецца найбольш уразлівым групам насельніцтва, у прыватнасці дзецям, якія пакутуюць ад хранічнага недаядання.
Нягледзячы на складаныя палітычныя і эканамічныя ўмовы, каталіцкія дабрачынныя структуры застаюцца на перадавой, аказваючы жыццёва важную дапамогу тым, хто страціў усё.