Пошук

Кардынал Райнхард Маркс Кардынал Райнхард Маркс   (AFP or licensors)

Кардынал Маркс: Еўропа патрабуе душы, а не толькі прыбытку

Еўропа павінна быць праектам надзеі і хрысціянскіх каштоўнасцей, а не толькі эканамічнай выгады, - заявіў кардынал Райнхард Маркс падчас уручэння прэміі "Ordo Socialis" у Мюнхене.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дабрабыт кантынента можна абараніць толькі тады, калі мы маем візію, якая выходзіць за межы матэрыяльных інтарэсаў. Падчас узнагароджання Сільві Гулар, старшыні Нямецка-французскага інстытута, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі падкрэсліў, што заходняя цывілізацыя не можа грунтавацца выключна на прыбытку. На яго думку, еўрапейскі праект неаддзельны ад хрысціянства.

"Голас Евангелля належыць Еўропе; без яго яе душы чагосьці б не хапала", - адзначыў іерарх. Кардынал Маркс нагадаў, што ўсе людзі – браты і сёстры, створаныя па вобразу Божаму, і гэтае разуменне павінна быць падмуркам супольнасці.

Крытыкуючы песімізм і роспач, арцыбіскуп заклікаў вернікаў даваць надзею. Ён упэўнены: ідэі і каштоўнасці гінуць толькі тады, калі за іх перастаюць змагацца. Іерарх таксама выступіў у абарону Еўрасаюза, падкрэсліўшы, што для краін-удзельніц аб'яднанне стала крокам наперад як у эканоміцы, так і ў палітыцы.

Прэмія "Ordo Socialis" кожныя два гады адзначае асоб, якія сваёй працай або грамадскім служэннем увасабляюць прынцыпы хрысціянскага сацыяльнага вучэння. Лаўрэатамі становяцца тыя, хто самааддана змагаецца за сацыяльную справядлівасць і чалавечую годнасць у сучасным свеце.
 

29 студзеня 2026, 10:19