Кардынал Амбонга: будучыня Афрыкі – у руках саміх афрыканцаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падводзячы вынікі мінулага года, кардынал Фрыдалін Амбонга пракаментаваў пасланне Папы Льва XIV на 59-ы Сусветны дзень міру. Кангалезскі іерарх адзначыў, што заклік Пантыфіка да міру асабліва актуальны для Афрыкі, дзе свет часта кіруецца ілжывым прынцыпам падрыхтоўкі да вайны дзеля міру. Паводле яго слоў, Папа звяртаецца да сумлення кожнага чалавека, заклікаючы будаваць будучыню праз праўду і роўнасць.
Афрыка як прыярытэт і надзея
Кардынал з удзячнасцю ўзгадаў спадчыну Папы Францішка, які за час свайго пантыфікату здзейсніў дзесяць візітаў на кантынент. Ён назваў яго вялікім абаронцам „малых і ўбогіх”, якія складаюць большасць насельніцтва Афрыкі.
Іерарх перакананы, што досвед Юбілейнага года павінен стаць штуршком для моладзі, каб яна не пакідала Радзіму, а бачыла магчымасць перамен дома.
„Мяч на нашым баку!” - заяўляе кардынал Амбонга, заахвочваючы суайчыннікаў любіць і паважаць сваю зямлю.
Улада як служба і абуджэнне сумлення
Арцыбіскуп Кіншасы і старшыня Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM) канстатуе, што дэмакратыя на кантыненце зараз перажывае крызіс, а суіснаванне знаходзіцца пад пагрозай.
Ён заклікае палітыкаў адысці ад логікі асабістай выгады і пачаць успрымаць уладу як службу народу. Асаблівую заклапочанасць выклікае пытанне пераследу хрысціян, якое патрабуе „абуджэння сусветнага сумлення”.
Нягледзячы на цяжкасці, кардынал Амбонга заклікае вернікаў не губляць надзеі. Ён верыць, што праз асабісты ўдзел кожнага чалавека можна вызваліць Афрыку ад варожых сіл і стварыць умовы, дзе ўсе змогуць жыць як дзеці аднаго Айца. 2026 год, на яго думку, павінен стаць пунктам адліку для новага, лепшага свету на кантыненце.