Смяротная пагроза Патрыярху: духоўны заклік прынялі за палітыку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас святочнай літургіі кардынал Сако выкарыстаў тэрмін “нармалізацыя”, заклікаючы вернікаў да духоўнага абнаўлення і мірнага сужыцця.
Аднак, як паведамляе выданне “Chaldean Press”, ісламскія лідары Ірака і Ірана інтэрпрэтавалі гэтыя словы як заклік да палітычнага прымірэння з Ізраілем. Гэта выклікала хвалю агрэсіі: ад патрабаванняў арышту да прамых заклікаў да пакарання смерцю іерарха.
Халдэйская архідыяцэзія афіцыйна заявіла, што патрыярх меў на ўвазе выключна грамадзянскі мір і міжрэлігійны дыялог унутры краіны.
Сам кардынал Сако захоўвае ў гэтай сітуацыі годнасць і духоўную моц. У адказ на заклікі да яго пераследу Патрыярх заявіў, што калі яго суд і смерць могуць паслужыць дабру Ірака, ён гатовы прыняць гэты лёс. Такія словы яшчэ больш падкрэсліваюць драматызм становішча хрысціянскага лідара ў рэгіёне.
На гэты момант сітуацыя застаецца напружанай, бо ісламскія лідары працягваюць ігнараваць афіцыйныя каментарыі Халдэйскай Царквы, выкарыстоўваючы маніпуляцыю тэрмінамі для далейшага ціску на хрысціянскую супольнасць краіны.