Пошук

Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: мір ва Украіне патрэбны неадкладна

Прадстаўнік Святога Пасада ў ААН заклікаў да неадкладнага спынення агню. Бала падкрэслена неабходнасць вяртання дэпартаваных дзяцей і адмовы ад абыякавасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас надзвычайнай сесіі ААН, прысвечанай сітуацыі ва Украіне, часовы павераны ў справах місіі пастаяннага назіральніка Святога Пасада мансеньёр Роберт Мёрфі выступіў з рашучай пазіцыяй. Дыпламат падкрэсліў, што кровапраліцце павінна быць спынена не ў нейкай аддаленай перспектыве, а ўжо цяпер.

Спасылаючыся на вучэнне Папы Пія XII, дыпламат нагадаў прысутным фундаментальную ісціну: захаванне міру дазваляе зберагчы ўсё, у той час як вайна нясе пагрозу поўнага знішчэння. Ён з болем канстатаваў, што шматгадовы канфлікт ператварыў гарады ў руіны і пазбавіў дзяцей права на спакойнае сталенне.

Асаблівую ўвагу Мёрфі надаў лёсу ўкраінскіх дзяцей. Ён адзначыў, што іх сістэматычная дэпартацыя з'яўляецца парушэннем міжнароднага гуманітарнага права.

На думку Святога Пасада, намаганні па ўз'яднанні сем'яў – гэта пытанне элементарнай справядлівасці, якое не павінна залежаць ад палітычных гульняў. У гэтым кантэксце працягваецца гуманітарная місія кардынала Матэа Дзупі, якую ён здзяйсняе ад імя Папы Льва XIV.

На заканчэнне святар-дыпламат перадаў думку цяперашняга Пантыфіка пра недапушчальнасць прызвычайвання да рэалій вайны і разбурэння. Ён заклікаў міжнародную супольнасць адрынуць пасіўнасць і падтрымаць любыя ініцыятывы, здольныя пракласці шлях да сапраўдных перамоў.
 

05 снежня 2025, 10:47