Больш за тысячу лістоў з кляштараў у клінікі, дзе робяць аборты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэтыя святочныя карткі, напісаныя ад рукі, утрымліваюць словы малітвы, кароткае пасланне і інфармацыю пра даступныя сродкі дапамогі для тых, хто разглядае магчымасць пакінуць сваю цяперашнюю працу.
Гэтую важную дабрачынную акцыю ў чарговы раз каардынавала асацыяцыя "And Then There Were None" ("І не было ўжо нікога"), якая на працягу многіх гадоў займаецца падтрымкай асоб, якія жадаюць выйсці з індустрыі абортаў.
Шырокая геаграфія манаскай малітвы
У ініцыятыве прынялі ўдзел сёстры з розных кантэмпляцыйных і апостальскіх згуртаванняў, што дзейнічаюць у краіне. Сярод іх былі дамініканкі, бэнэдыктынкі, францішканкі, кармэліткі, капуцынкі, мараніткі, а таксама апостальскія сёстры святога Яна і трынітарыі Марыі.
Асацыяцыя перадала ў іх распараджэнне базу даных, якая ўключае каля 850 клінік і цэнтраў па ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў Амерыкі.
Паштоўкі не адрасоўваліся канкрэтным асобам па імёнах, а былі скіраваны агульна да супрацоўнікаў гэтых устаноў. Усяго сёлета было адпраўлена 1030 лістоў. На кожнай картцы была выяўлена Святая Сям’я, што мела на мэце нагадаць пра глыбокі хрысціянскі сэнс урачыстасці Божага Нараджэння. Перад адпраўкай карэспандэнцыю змяшчалі на алтар, дзе яна атрымлівала благаслаўленне і была "амоленая" супольнасцю сясцёр.
Эфектыўнасць асабістага звароту
Заснавальніцай асацыяцыі "And Then There Were None" з'яўляецца Эбі Джонсан, якая раней працавала дырэктаркай клінікі арганізацыі "Planned Parenthood" у Тэхасе на працягу васьмі гадоў. Пакінуўшы гэтае асяроддзе, яна стварыла структуру, якая дапамагае іншым работнікам, што прагнуць змяніць сваё жыццё.
Паводле яе слоў, менавіта ўласнаручна падпісаныя паштоўкі з'яўляюцца адным з самых дзейсных спосабаў для ўстанаўлення першага кантакту з такімі людзьмі.
За мінулыя дзесяць гадоў дзякуючы намаганням асацыяцыі ў амерыканскія клінікі было накіравана 23 тысячы паштовак і лістоў. Гэта робіцца рэгулярна на працягу ўсяго года, аднак найбольшая колькасць зваротных кантактаў фіксуецца менавіта ў перыяд Божага Нараджэння.
Абнаўляючы гэтую ініцыятыву штогод, арганізатары імкнуцца падтрымліваць пастаянную і далікатную прысутнасць, заснаваную на малітве, гатоўнасці выслухаць і прапанове спадарожнічання, пазбягаючы пры гэтым палемік і ціску.