Прэм’ер-міністр Італіі: я даверыла мой шлях Яну Паўлу II
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Гэты музей з’яўляецца скарбам веры, духоўнасці і любові. Тут захаваліся сляды звычайнага, а разам з тым надзвычайнага чалавека, які пазначыў маё жыццё і якому я даверыла мой шлях. Я захаваю ў сэрцы ўражанні ад гэтага візіту, якія будуць алеем для душы і сэрца”, - напісала італьянскі прэм’ер у кнізе ганаровых гасцей.
Месца памяці Яна Паўла ІІ
Музей Яна Паўла ІІ быў створаны пры фінансаванай падтрымцы італьянскага ўраду ў рамках ініцыятыў, звязаных з Юбілеем. Ён размясціўся ў Папскім польскім калегіуме ў Рыме, які займае важнае месца ў біяграфіі Караля Вайтылы.
Будучы Папа спыняўся ў гэтай структуры падчас сваіх шматлікіх візітаў у Рым і менавіта адтуль паехаў на канклаў у 1978 годзе, на якім быў абраны Пантыфікам. Экспазіцыя ўключае ў сябе працоўны кабінет і спальны пакой з арыгінальнай мэбляй, якой карыстаўся Караль Вайтыла.
Ганаровыя госці
Джорджу Мелоні падчас візіту суправаджаў кардынал Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар Яна Паўла ІІ і арцыбіскуп Кракаўскі на пенсіі. Прысутнічалі таксама арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі; Альфрэда Мантавана, намеснік сакратара апарата італьянскага ўраду; ксёндз Ян Антоні Глувчык, рэктар Папскага польскага калегіума; ксёндз Павел Пташнік, прадстаўнік Ватыканскага фонда Яна Паўла ІІ і рэктар рымскага касцёла святога Станіслава.