Пошук

Прафесар Марыё Разэці Прафесар Марыё Разэці  (Prof. Mario Rasetti)

Этыка і штучны інтэлект: галоўны выклік для чалавецтва

Галоўны выклік, які штучны інтэлект ставіць перад чалавецтвам – этычны, - падкрэсліў у інтэрв’ю ватыканскім СМІ сусветна вядомы італьянскі фізік, прафесар Марыё Разэці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У размове з Алесандра Джызоці, апублікаванай на старонках ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”, даследчык, чыя навуковая дзейнасць звязана з Турынскім палітэхнічным, а таксама Оксфардскім і Прынстанскім універсітэтамі, звярнуў увагу на надзвычайна хуткае развіццё штучнага інтэлекту. Гэта, на яго думку, пагражае стратай кантролю над тэхналогіяй з боку людзей.

“Ёсць прыкметы таго, што хуткасць росту цяпер падвоена экспаненцыяльная: экспанента экспаненты. Пераход да двайной экспаненты азначае ўваход у рэжым, у якім нашы чалавечыя рэфлексы ўжо не дазваляюць нам што-небудзь кантраляваць”, - падкрэсліў фізік.

Тэхналогія павінна служыць дабру людзей

Прафесар Марыё Разэці заўважыў, што ўсе слабыя месцы штучнага інтэлекту звязаныя з этыкай, бо гэта магутная тэхналогія можа быць выкарыстана як у добрых, так і ў кепскіх намерах.

“Я – стары фізік, і маімі настаўнікамі былі навукоўцы, якія ўдзельнічалі ў праекце “Манхэтэн”, у стварэнні атамнай бомбы. Тады, будучы яшчэ маладым, я зразумеў, што фізіка – гэта інструмент, які можа служыць дабру, а можа таксама і злу. Жыцці вялікай колькасці людзей былі падоўжаны дзякуючы лячэнню рака з дапамогай радыяцыі. Але тая ж самая фізіка была выкарыстана, каб у адзін момант забіць 300 тысяч чалавек у Хірасіме... Трэба змагацца за тое, каб штучны інтэлект выкарыстоўваўся ў добрых мэтах”, - падкрэсліў навуковец.

Экалагічны выклік

Разэці заўважыў таксама, што развіццё штучнага інтэлекту ставіць перад чалавецтвам і экалагічны выклік, бо гэта тэхналогія аказвае вялікі ўплыў на навакольнае асяроддзе з прычыны велізарнага спажывання электраэнергіі і вады.

“Прывяду два прыклады. Як мы ведаем, “Google” усталяваў усе свае дата-цэнтры ў Ірландыі. Гэта было зроблена з падатковых прычын – каб плаціць менш падаткаў. На дадзены момант “Google” спажывае 40 працэнтаў усёй электраэнергіі, якая вырабляецца ў Ірландыі. “Microsoft” набыў Тры-Майл-Айлэнд – былую атамную электрастанцыю на невялікім востраве даўжынёй у тры мілі, як вынікае з яго назвы. У 1979 годзе на гэтай станцыі адбылася адна з самых сур’ёзных аварый у сферы грамадзянскай ядзернай энергетыкі, і аб’ект быў закрыты. “Microsoft”, уклаўшы каласальныя сродкі – 10 мільярдаў долараў, – вырашыў набыць яго і зноў увесці ў эксплуатацыю”, - расказаў фізік.

Марыё Разэці заўважыў, што дата-цэнтры вялікіх карпарацый спажываюць таксама вялікую колькасць вады, неабходнай для астуджэння машын. Пасля выкарыстання гэту ваду вяртаюць у навакольнае асяроддзе, але з тэмпературай на тры градусы вышэй за першапачатковую, а гэта мае трагічны ўплыў на экалогію, - адзначыў навуковец.
 

30 снежня 2025, 10:23