Пошук

Кардынал Джанфранка Равазі Кардынал Джанфранка Равазі  (@VaticanMedia)

Равазі: Апакаліпсіс у музыцы – сустрэча тэалогіі і мастацтва

Кардынал Равазі распавёў пра стварэнне оперы “Apokàlypsis”, дзе біблейскі тэкст стаў драмай пра надзею, якая перамагае хаос гісторыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Джанфранка Равазі, вядомы бібліст і старшыня-эмерыт Папскай рады па культуры, стаў аўтарам лібрэта для сучаснай оперы “Apokàlypsis”, напісанай кампазітарам Марчэла Пані.

У інтэрв’ю Марка дзі Батыста іерарх распавёў, як ператварыў адзін з самых загадкавых тэкстаў Новага Запавету ў драматычны твор, здольны весці дыялог з сучаснай музыкай. Гэта рэдкая сустрэча высокай тэалогіі і музычнага авангарду.

У аснову твора лёг Апакаліпсіс святога Яна. Паводле Равазі, галоўнае пасланне кнігі – не катастрофы, а надзея. Ён падкрэсліў, што гісторыя, хоць і шакуючая, “ніколі не бывае безнадзейнай”, таму опера завяршаецца “ўварваннем святла і Хрыста-вызваліцеля”.

Супрацоўніцтва тэолага і кампазітара кардынал назваў “сімбіёзам”, які нарадзіўся з узаемнай павагі да Святога Пісання і музыкі. Драматызм твора перадаецца праз саліста, які ўвасабляе Хрыста, хор, што перажывае трагедыю, і магутны аркестр.

Шматмоўе оперы, натхнёнае біблейскім тэкстам пра “абраных з кожнага народу, племені, мовы”, завяршаецца фінальным спевам на арыгінальнай грэчаскай мове, што надае твору “старажытнае дыханне”.

Па словах італьянскага кардынала, інавацыя Марчэла Пані заключаецца ў тым, што ён упершыню перавёў на мову сучаснай музыкі ўвесь манументальны тэкст Апакаліпсіса. Гэтая опера – не проста ілюстрацыя, а “гукавое адкрыццё, сучасная медытацыя пра чаканне святла”.
 

04 лістапада 2025, 12:00