Папа павіншаваў новага Вялікага герцага Люксембурга
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец далучыўся да радасці ўсяго народа Люксембурга, “краіны, багатай на старажытныя і слаўныя традыцыі, глыбока ўкаранёныя ў гісторыі”. Тэлеграма была накіравана Яго Каралеўскай Высокасці з нагоды ўрачыстасцей у гонар узыходжання на трон.
Пантыфік выказаў пажаданне, каб Вялікі герцаг Гіём, у сваю чаргу, “садзейнічаў прасоўванню жыцця, заснаванага на павазе да хрысціянскіх каштоўнасцей, якія сфарміравалі ідэнтычнасць Люксембурга, і тым самым спрыяў нястомнаму пошуку агульнага дабра”.
“У гэты радасны дзень я накіроўваю Вашай Каралеўскай Высокасці выраз маёй сардэчнай павагі, які суправаджаецца шчырымі пажаданнямі міру для будучыні Вашай краіны”, - гаворыцца ў тэлеграме.
На заканчэнне Леў XIV даверыў новага манарха і ўсіх жыхароў Вялікага Герцагства нябеснай апецы Маці Божай і ўдзяліў ім сваё апостальскае благаслаўленне.