Пошук

Лагер бежанцаў у Судане. Ілюстрацыйнае фота Лагер бежанцаў у Судане. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Судан: больш за 75 чалавек загінулі пры ўдары дрона па мячэці

Больш за 75 чалавек загінулі ў выніку ўдару беспілотніка з выбуховым прыстасаваннем па мячэці ў лагеры для бежанцаў у ваколіцах Эль-Фашэра на поўначы Судана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Трагедыя здарылася 19 верасня 2025 года, калі людзі сабраліся на пятнічную малітву. Удар нанесла ваенізаваная арганізацыя “Сілы аператыўнай падтрымкі”, якая з красавіка 2023 года вядзе барацьбу з урадавымі войскамі.

Эль-Фашэр застаецца апошнім аплотам суданскай арміі ў рэгіёне Дарфур. З мая 2024 года паўстанцы спрабуюць захапіць горад. Ён знаходзіцца ў аблозе і рэгулярна падвяргаецца абстрэлам, ахвярамі якіх часта становіцца мірнае насельніцтва. У горадзе ўсё яшчэ застаецца каля 260 тысяч жыхароў і вымушаных перасяленцаў.

3 верасня Папа Леў XIV заклікаў адказных асобаў і міжнародную супольнасць забяспечыць гуманітарныя калідоры і супольнымі намаганнямі прадухіліць далейшую гуманітарную катастрофу ў Судане.

“У Эль-Фашэры шматлікія мірныя жыхары апынуліся ў пастцы, стаўшы ахвярамі голаду і гвалту. У Тарасіне разбуральны апоўзень прывёў да шматлікіх ахвяр, пакінуўшы пасля сябе боль і роспач. І, быццам гэтага было недастаткова, распаўсюджванне халеры пагражае сотням тысяч ужо змучаных людзей. Я як ніколі блізкі да суданскага народа, асабліва да сем’яў, дзяцей і перамешчаных асобаў: я малюся за ўсіх ахвяр”, - казаў Святы Айцец, заклікаўшы “пачаць сур’ёзны, шчыры і інклюзіўны дыялог паміж бакамі, каб пакласці канец канфлікту і вярнуць народу Судана надзею, годнасць і мір”.
 

20 верасня 2025, 09:53