Выбары ў Аўстраліі: біскупы нагадваюць пра ролю сумлення
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Аўстралійскі епіскапат выступіў з камунікатам, у якім заклікаў католікаў да адказнага ўдзелу ў дэмакратычным працэсе. Паводле іерархаў, выбары 3 мая 2025 года – гэта не толькі грамадзянскі абавязак, але і магчымасць садзейнічаць агульнаму дабру.
Сумленне як унутраны арыенцір
"Юбілей нагадвае нам, што галасаванне – гэта магчымасць спрыяць агульнаму дабру і пракладаць шлях надзеі", - адзначаецца ў заяве.
Арцыбіскуп Цімаці Кастэлоэ, старшыня епіскапату Аўстраліі, заклікаў "галасаваць у адпаведнасці з указаннямі сумлення і падтрымліваць палітыку, якая паляпшае жыццё ўсіх, асабліва найбольш безабаронных".
"Сумленне з'яўляецца нашым унутраным арыенцірам, і мы абавязаны верна ісці за ім", - падкрэсліваюць біскупы, адзначаючы важнасць фарміравання сумлення праз розум, Святое Пісанне і навучанне Касцёла.
Абарона фундаментальных каштоўнасцей
"Пры прыняцці выбарчых рашэнняў мы павінны абараняць святасць жыцця, клапаціцца пра безабаронных, умацоўваць сем'і і садзейнічаць стварэнню справядлівага грамадства", - падкрэсліваецца ў звароце біскупаў.
Іерархі нагадваюць вернікам аб іх адказнасці як грамадзян і хрысціян у фарміраванні будучыні сваёй краіны праз удзел у дэмакратычным працэсе, заснаваным на маральных і этычных прынцыпах каталіцкай веры.