Ватыканскае радыё прыме ўдзел у саміце еўрапейскіх радыёстанцый
Марыя Валодзіна - Vatican News
На форуме будуць прадстаўлены 33 еўрапейскія краіны. На працягу двух дзён яго ўдзельнікі будуць абмяркоўваць асноўныя выклікі, з якімі сутыкаецца сектар грамадскага радыёвяшчання ў Еўропе, а таксама новыя магчымасці для яго развіцця. Месцам правядзення мерапрыемства стане Radio France. Сярод удзельнікаў будзе і Ватыканскае радыё, якое з’яўляецца адным з заснавальнікаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Яго прадставіць намеснік галоўнага рэдактара ватыканскіх СМІ Алесандра Джызоці.
На асамблеі будуць разглядацца такія актуальныя тэмы, як этычныя аспекты выкарыстання штучнага інтэлекту і сінтэтычнага голасу ў аўдыёвытворчасці, стратэгіі прыцягнення новых слухачоў (асабліва моладзі) і трансфармацыя грамадскіх радыёстанцый ва ўмовах узрастаючага палітычнага і фінансавага ціску. Асаблівая ўвага будзе нададзена праекту "Connected Car Playbook", прысвечанаму выкарыстанню радыё ў сучасных аўтамабільных сістэмах, а таксама пытанням аўтарскіх правоў на музыку.
Акрамя таго, падчас мерапрыемства адбудуцца выбары ў камітэт Еўрапейскага саюза радыёвяшчання на 2025-2027 гады. Удзел Ватыканскага радыё ў асамблеі падкрэслівае яго зацікаўленасць у прасоўванні якасных праграм і ўвагу да развіцця новых тэхналогій, што сугучна місіі Еўрапейскага вяшчальнага саюза, якая заключаецца ў тым, каб падтрымліваць высокія стандарты грамадскага радыё- і тэлевяшчання.