Святы Пасад: час дараваць даўгі найбяднейшым
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ўстановах ААН у Жэневе, арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, выступіў з моцнай заявай на бягучай сесіі Рады па правах чалавека. Іерарх падкрэсліў неабходнасць тэрміновага вырашэння праблемы пазык, якія душаць эканоміку бедных краін.
Арцыбіскуп Балестрэра звярнуў увагу на трывожную статыстыку: краіны, што развіваюцца, выдаткоўваюць на пагашэнне знешніх пазык у 13 разоў больш сродкаў, чым на барацьбу са зменамі клімату. "Гэтая сітуацыя яшчэ больш пагоршылася з прычыны недастатковага фінансавання кліматычных мерапрыемстваў і недахопаў у міжнароднай фінансавай архітэктуры", - падкрэсліў дыпламат.
Святы Пасад спасылаецца на апошнюю справаздачу ААН аб сусветнай запазычанасці, згодна з якой глабальны дзяржаўны доўг у 2023 годзе дасягнуў 97 трыльёнаў долараў. Для краін, што развіваюцца, такі ўзровень крэдытных абавязацельстваў з'яўляецца непасільным.
Заклік Святога Пасада не новы. Ужо ў пачатку года Папа Францішак выступіў з ініцыятывай усёабдымнага спісання даўгоў. У сваіх "зваротах надзеі" для свету, змешчаных у буле, якая абвяшчае Святы 2025 год, Пантыфік выказаў пажаданне, каб багацейшыя дзяржавы спісалі пазыкі эканамічна слабейшых краін.
Заклік Святога Пасада адлюстроўвае не толькі эканамічную неабходнасць, але і маральны імператыў. Спісанне пазык можа стаць крокам да больш справядлівага і збалансаванага сусветнага эканамічнага парадку, дзе кожная краіна будзе мець магчымасць развівацца і клапаціцца пра дабрабыт сваіх грамадзян.