Базіліка Святога Пятра цяпер у Minecraft
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новы адукацыйны праект Святога Пасада і "Microsoft" мае на мэце прыцягнуць увагу моладзі да культурнай і духоўнай спадчыны праз папулярную гульню "Minecraft".
Кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэсбітэр ватыканскай бызілікі, падкрэсліў важнасць гэтай ініцыятывы для выхавання такіх каштоўнасцей, як чалавечнасць, экалогія, крэатыўнасць і рэлігія.
"Тут вучні і студэнты могуць адначасова вучыцца і атрымліваць асалоду", - гэтымі словамі іерарх ахарактарызаваў новую гульню, якая з'яўляецца часткай больш шырокага праекта з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, прадстаўленага ў лістападзе 2024 года. Генеральны дырэктар Microsoft Брэд Сміт, які ўдзельнічаў у прэзентацыі праз відэасувязь, назваў гэты праект "вяхой у партнёрстве паміж тэхналагічнай кампаніяй і Каталіцкім Касцёлам".
Для стварэння дакладнай віртуальнай копіі Сабора было выкарыстана 400 тысяч фотаздымкаў, зробленых дронамі летам 2023 года. Гэтыя выявы былі апрацаваны з дапамогай штучнага інтэлекту для стварэння дэталёвай лічбавай копіі будынка.
Маўра Антанэлі з італьянскага Міністэрства адукацыі падкрэсліў унікальнасць ініцыятывы ў выкарыстанні сучасных тэхналогій для адукацыйных мэт. Ён адзначыў, што гэты праект дапамагае наблізіць гісторыю, мастацтва і культурныя карані да сучаснай моладзі.
Гульня “Пётр знаходзіцца тут” даступная праз платформу “Minecraft Education”. Вучні і настаўнікі могуць атрымаць доступ да бясплатнай пробнай версіі праз “Office 365” ці “Microsoft 365”. Для настаўнікаў таксама падрыхтавана прэзентацыя PowerPoint для выкарыстання на ўроках.
Праект стаў яскравым прыкладам таго, як сучасныя тэхналогіі могуць быць выкарыстаны для захавання і распаўсюджвання культурнай і духоўнай спадчыны, робячы яе больш даступнай і цікавай для новых пакаленняў.