Святы Пасад: журналісты павінны быць сведкамі праўды ў крызісах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мансеньёр Рычард Гіра выступіў 18 сакавіка 2025 года на першым Дадатковым пасяджэнні па рэалізацыі чалавечага вымярэння (SHDM) у Вене. Тэма пасяджэння – "Роля СМІ ў канфліктах і гуманітарных крызісах у святле міжнароднага гуманітарнага права і міжнароднага права ў галіне правоў чалавека".
"У нашы часы, якія характарызуюцца дэзінфармацыяй і палярызацыяй, калі некалькі цэнтраў улады кантралююць беспрэцэдэнтную масу даных і інфармацыі, Святы Пасад цвёрда прытрымліваецца прынцыпу, што СМІ і журналісты павінны служыць агульнаму дабру, прапануючы дакладную, аб'ектыўную і збалансаваную інфармацыю", - падкрэсліў дыпламат.
Прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што калі СМІ выконваюць гэтую адказнасць, іх праца становіцца незаменным інструментам, які дазваляе палітыкам і міжнароднай супольнасці прымаць інфармаваныя, адказныя і разумныя рашэнні. У канчатковым выніку гэтая прыхільнасць адказнай журналістыцы служыць не толькі пошуку праўды, але і садзейнічанню і абароне чалавечай годнасці.
Ксёндз Гіра падкрэсліў, што жыццёва важная роля журналістаў становіцца яшчэ больш выразнай у часы канфлікту, калі іх прыхільнасць дакладнаму і непрадузятаму асвятленню падзей пралівае святло на рэаліі, якія афіцыйныя або ўрадавыя крыніцы могуць не раскрываць. Гэта асабліва важна для выкрыцця глыбокіх чалавечых пакут, якія непазбежна нясе вайна.
"Даючы голас ахвярам і мабілізуючы міжнародную супольнасць на рэагаванне, журналісты ўвасабляюць пераўтваральную сілу справядлівага, мужнага і сумленнага асвятлення падзей", - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.
У той жа час дыпламат падкрэсліў, што асвятленне падзей у зонах канфлікту патрабуе не толькі строгага журналісцкага расследавання, але і разумнага і добрасумленнага падыходу да фармуліравання і прадстаўлення падзей. Гэта асабліва важна ў кантэксце, дзе моўныя, культурныя, нацыянальныя або рэлігійныя падзелы падаграваюць напружанасць.
У заключэнне мансеньёр Гіра працытаваў словы Папы Францішка з яго паслання на Сусветны дзень сацыяльных камунікацый гэтага года, у якім Пантыфік заклікаў работнікаў СМІ "быць сведкамі і энтузіястамі неагрэсіўнай камунікацыі; дапамагаць распаўсюджваць культуру клопату, будаваць масты і ламаць бачныя і нябачныя бар'еры сучаснасці. Расказваць гісторыі, прасякнутыя надзеяй, клапаціцца пра наш агульны лёс і імкнуцца разам пісаць гісторыю нашай будучыні".