Палітолаг: сучаснасць нагадвае часы перад нацызмам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Палітолаг і даследчык ахвяр нацызму ў інтэрв'ю аўстрыйскаму каталіцкаму выданню "Sonntag" выказаў сур'ёзную занепакоенасць сучаснымі грамадскімі працэсамі. Паводле яго слоў, пасля 1945 года яшчэ не было перыяду, які б "так моцна нагадваў час перад і на пачатку нацыянал-сацыялізму, як сённяшнія канфлікты і спрэчкі".
Многія зноў баналізуюць і прымяншаюць зло нацызму
"Тое, што адбывалася ў часы нацыянал-сацыялізму, зараз многімі людзьмі зноў баналізуецца, прымяншаецца, абяляецца. Мы жывём у час, калі тыя, хто не вельмі сур'ёзна ставіцца да дэмакратычнага грамадства і аддае перавагу аўтарытарызму, на жаль, маюць шмат прыхільнікаў", - падкрэсліў Гічталер.
Палітолаг і аўтар кніг з жалем адзначыў, што ў сучасным грамадстве больш няма згоды адносна агульнага разумення свабоды. Для многіх свабода азначае "зноў мець моцнага чалавека, правіцеля, які прымае рашэнні, і людзям больш не трэба думаць самастойна".
"Помнік імёнаў" супраць забыцця
Як заснавальнік і старшыня асацыяцыі "Erinnern Gailtal" ("Памяць Гайльталя"), Гічталер займаецца даследаваннем нацыянал-сацыялізму ў Карынтыі (па-нямецку Kärnten) – федэральнай зямлі ў паўднёвай частцы Аўстрыі, асабліва культуры памяці і вывучэннем лёсаў ахвяр нацызму. 8 мая 2025 года ў горадзе Хермагор будзе адкрыты "Помнік імёнаў" у гонар ахвяр нацыянал-сацыялізму з раёна Хермагор (Hermagor).
"Мы рады, што пасля пятнаццаці гадоў працы з гарадскімі ўладамі і мэрам нам удалося ўвекавечыць імёны больш чым шасцідзесяці ахвяр на мемарыяле. Цяпер сваякі могуць прыходзіць да гэтага месца, тут могуць праводзіцца памятныя мерапрыемствы", - адзначыў даследчык.
Такое не павінна паўтарыцца
Ніхто больш не зможа сцвярджаць, што гэтых ахвяр не існавала, нягледзячы на тое, што многія людзі дагэтуль кажуць, "што нам не варта гаварыць пра мінулае". "Помнік імёнаў" з'яўляецца важным укладам у захаванне памяці – "з аднаго боку, для ахвяр, з другога – для будучыні. Такое не павінна паўтарыцца", - падкрэсліў Гічталер.
Інтэрв'ю каталіцкаму выданню "Sonntag" адбылося з нагоды выхаду новай кнігі Гічталера пра карынтыйскага сацыял-дэмакратычнага палітыка Ханса Лагера (1882-1949), які выжыў у Дахаў. Назва кнігі: "Ханс Лагер і праўда пра Дахаў".