Манастыр Мар Матай у Іраку. Адзін з найстарэйшых хрысціянскіх манастыроў на Блізкім Усходзе, заснаваны ў IV стагоддзі Манастыр Мар Матай у Іраку. Адзін з найстарэйшых хрысціянскіх манастыроў на Блізкім Усходзе, заснаваны ў IV стагоддзі 

Хрысціянства ў Іраку: пад ціскам, але жывое

Хрысціяне ў Іраку, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, працягваюць захоўваць сваю прысутнасць у краіне, хоць пагроза ад Ісламскай дзяржавы застаецца актуальнай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Хрысціянства ў Іраку, якое перажыло шматлікія крызісы і войны, застаецца важнай часткай культурнага і рэлігійнага ландшафту краіны. Маціяс Коп, эксперт па Блізкім Усходзе і афіцыйны прадстаўнік нямецкай біскупскай канферэнцыі, выказаў асцярожны аптымізм наконт будучыні хрысціянства ў рэгіёне падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі "Хрысціянская спадчына Ірака – выжыванне ў краіне двух рэк", якая выйшла ў выдавецтве “Herder”.

Надзея жыве, але пагроза не знікла

У інтэрв’ю для “Vatican News” Коп адзначыў: "Хрысціянства тут аслабленае, але ўсё яшчэ прысутнае". Ён падкрэсліў важнасць касцельных устаноў у адукацыі і ахове здароўя, сярод якіх асабліва вылучаецца Каталіцкі ўніверсітэт у Эрбілі, што стаў сімвалам надзеі для многіх вернікаў.

Аднак пагроза ад былых баевікоў Ісламскай дзяржавы застаецца сур’ёзнай праблемай. "Сітуацыя значна палепшылася за апошнія шэсць-сем гадоў, але страх перад вяртаннем баевікоў з турмаў Сірыі ўсё яшчэ жывы," папярэджвае эксперт. Коп заклікаў Еўрасаюз і ЗША ўзмацніць ціск на сірыйскі ўрад для гарантавання бяспекі турмаў, каб прадухіліць новае інфільтраванне баевікоў у Ірак.

Унутраныя напружанні і выклікі

Разам з знешнімі пагрозамі хрысціянства ў Іраку сутыкаецца з унутранымі праблемамі. Як адзначыў эксперт, многія святары пакідаюць краіну дзеля больш камфортнага жыцця ў Еўропе ці ЗША. Халдэйскі Патрыярх, кардынал Луіс Рафаэль Сако заклікаў іх вярнуцца на Радзіму, папярэджваючы пра магчымую страту інкардынацыі. "Гэта неабходныя напружанні для выжывання Касцёла ў Іраку," - лічыць Коп.

Лёс езідаў

Асобная ўвага была нададзена езідам – этнічнай групе, якая па-ранейшаму пакутуе ад наступстваў генацыду. Паводле нямецкага журналіста, больш за 109 тысяч езідаў дагэтуль жывуць у лагерах для бежанцаў у Паўночным Іраку. Яны не могуць вярнуцца ў свае родныя месцы ў гарах Сінджар, бо іх зямля цяпер занятая ісламістамі. Для многіх езідаў жыццё побач з тымі, хто здзяйсняў масавыя забойствы, проста немагчымае.

Дыялог з ісламам

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, хрысціянска-ісламскі дыялог у Іраку працягваецца дзякуючы такім асобам як шыіцкі вялікі аятала Алі аль-Сістані. У 2021 годзе Папа Францішак сустракаўся з ім падчас свайго гістарычнага візіту ў Ірак. "Сістані – чалавек дыялогу," - падкрэсліў Коп, адзначаючы яго ролю ў асуджэнні Ісламскай дзяржавы праз фетву.

Кніга Матэаса Копа стала важным укладам у разуменне складанага становішча хрысціянства ў Іраку – спадчыны, якая працягвае змагацца за сваё месца пад сонцам ва ўмовах няспынных выклікаў.
 

26 сакавіка 2025, 11:02