Рым: адноўлены шэдэўр, які стагоддзе ляжаў на гарышчы касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нечаканыя адкрыцці часам здараюцца ў самых нечаканых месцах. Гэта пацвярджае выпадак з карцінай XIX стагоддзя, знойдзенай у 2020 годзе. Як паведамляе французскі штотыднёвік “Famille Chrétienne”, цудоўная знаходка звязана з візітам у рымскі касцёл спецыяліста па супрацьпажарнай бяспецы.
Пасля трагічнага пажару ў парыжскім саборы Нотр-Дам, эксперт прыбыў у Вечны горад для праверкі стану бяспекі XVI-вечнага касцёла святога Людовіка Караля Францыі, у якім захоўваюцца тры шэдэўры Караваджа. Падчас інспекцыі на лесвіцы, што вядзе на гарышча святыні, ён заўважыў пакунак, які нагадваў доўгі, скручаны дыван. Гэты прадмет відавочна не павінен быў знаходзіцца там. Пры бліжэйшым разглядзе аказалася, што гэта каласальнае палатно памерам 7 на 5 метраў, якое адлюстроўвае прамову святога Паўла на Арэапагу.
Забыты майстар вяртаецца з небыцця
Шматлікія даследаванні дазволілі ўстанавіць, што аўтарам вялікай карціны з'яўляецца Вінчэнца Каталані, забыты мастак XIX стагоддзя, народжаны ў Рыме ў 1814 годзе. Каталані ў свой час карыстаўся вядомасцю ў Папскай дзяржаве і Каралеўстве Абедзвюх Сіцылій. Хутчэй за ўсё, менавіта тагачасны сіцылійскі манарх Фердынанд II каля 1850 года замовіў мастаку стварэнне дэкарацыі для адной з неапалітанскіх святынь, размешчаных на тэрыторыі каралеўства.
"Мы бачым у гэтым творы ўплывы Рафаэля, Батычэлі, Караваджа. Яго даследаванні толькі пачынаюцца", - гаворыць дамініканец Рэно Эсканд, адміністратар фонду “Pieux Etablissements”, які кіраваў рэстаўрацыяй карціны.
Карціна – сведка палітычных пераўтварэнняў
Карціна, якая, па звестках, выклікала вялікае захапленне ў Папы Пія IX, была здадзена на захоўванне ў рымскі Палац Фарнезэ, які ў той час быў каралеўскай рэзідэнцыяй Фердынанда II. Неўзабаве пачаўся працэс Аб'яднання Італіі. Каралеўства Абедзвюх Сіцылій перастала існаваць, а палац, у якім знаходзілася шмат каштоўных твораў мастацтва, у 1874 годзе стаў рэзідэнцыяй пасольства Францыі, якая размяшчаецца там да гэтага часу.
Не ўсе карціны, што знаходзіліся ў Palazzo Farnese, адпавядалі свецкаму характару III Французскай Рэспублікі, якая паслядоўна выцясняла Касцёл з грамадскай сферы. Адным з гэтых "нязручных" упрыгожванняў была менавіта карціна Каталані, якая ў 1912 годзе была перададзена ў рымскі касцёл святога Людовіка Караля Францыі, які ўжо тады быў нацыянальным храмам французаў. Паколькі памеры карціны не дазвалялі экспанаваць яе ў гэтым месцы, яна засталася запакаванай на адной з лесвічных пляцовак, дзе яе знайшлі больш чым праз 100 гадоў.
Новае жыццё шэдэўра
Над рэстаўрацыяй палатна Каталані інтэнсіўна працавалі маладыя кансерватары з рымскага Цэнтральнага інстытута рэстаўрацыі (Istituto Centrale per il Restauro). Нядаўна адноўленую карціну можна ўбачыць у адным з памяшканняў, прылеглых да касцёла святога Людовіка, якое хутка будзе служыць у якасці капліцы.
Гэта незвычайная гісторыя нагадвае нам, што мастацкія скарбы часам могуць знаходзіцца літаральна побач, чакаючы свайго часу для паўторнага адкрыцця і належнай ацэнкі.
Карціна Вінчэнца Каталані, заснаваная на біблейскім эпізодзе з Дзеяў Апосталаў, цяпер зноў можа натхняць наведвальнікаў, прыцягваючы ўвагу да творчасці забытага мастака і багатай гісторыі Касцёла.