Пасол Ірана: абодва бакі жадаюць візіту Пантыфіка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю італьянскім СМІ іранскі дыпламат падзяліўся асаблівым стаўленнем да пазіцыі Францішка. "Ёсць такія словы Папы, якія мне вельмі дарагія. Тыя, дзе ён нагадвае, што дыялог паміж рэлігіямі скарачае дыстанцыю, спрыяе ўзаемаразуменню і дазваляе перамагчы нянавісць. Ісламская рэспубліка вельмі гэта цэніць", - падкрэсліў Мухтары.
Дыпламат нагадаў пра гістарычныя сувязі з Пантыфікамі, якія падтрымліваліся яшчэ шахамі Персіі. Асаблівую ўвагу ён надаў перыяду пасля ісламскай рэвалюцыі 1979 года, калі аяталa Хамейні выступіў супраць разрыву адносін са Святым Пасадам.
Паводле слоў Мухтары, сам Хамейні перадаваў праз дыпламатаў лісты да Папы з пасланнямі міру і заклікамі да мірнага суіснавання з хрысціянамі.
Пасол высока ацаніў намаганні Францішка ў развіцці дыялогу з мусульманскім светам, у прыватнасці, дакумент з Абу-Дабі пра міжчалавечае братэрства. Ён таксама выказаў задавальненне з нагоды нядаўняга прызначэння кардыналам арцыбіскупа Тэгерана-Ісфахана Дамініка Мацьё.
Што тычыцца становішча хрысціян у Іране, то, паводле афіцыйных даных, яны разам з юдэямі і зараастрыйцамі маюць канстытуцыйнае прызнанне і прадстаўніцтва ў парламенце. Аднак міжнародныя арганізацыі, у тым ліку амерыканская Камісія па міжнароднай рэлігійнай свабодзе, адзначаюць сур'ёзныя праблемы ў гэтай сферы.
Статыстыка сведчыць, што ў Іране пражывае больш за паўмільёна хрысціян розных канфесій, з якіх 22 тысячы – католікі. Найбольш шматлікія групы складаюць армянскія (каля 180 тысяч) і асірыйскія (каля 15 тысяч) хрысціяне.
Кардынал Мацьё адзначае, што вернікі могуць збірацца ў касцёлах і маліцца, хоць і з пэўнымі абмежаваннямі. "Мы зачыняем дзверы, молячыся ўнутры, з надзеяй, што аднойчы, магчыма, дзверы адчыняцца для іншых", - кажа ён.
Знакавым сведчаннем павагі да хрысціянскай традыцыі стала з'яўленне ў цэнтры Тэгерана банера з рэпрадукцыяй Апошняй вячэры Леанарда да Вінчы ў жніўні 2024 года. Гэта быў адказ на здзеклівую сцэну падчас цырымоніі адкрыцця Летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. На банеры быў надпіс: "Сапраўды, Месія, Езус Хрыстус, Сын Марыі, з'яўляецца пасланцом Бога".
Хрысціян і мусульман яднаюць постаці Езуса і Марыі. Для вызнаўцаў ісламу Езус з'яўляецца адным з прарокаў Алаха, а Яго Маці – адзінай жанчынай, згаданай па імені ў Каране.