Касцёл у Таласе (Кыргызстан) Касцёл у Таласе (Кыргызстан)  (D. Wojciechowski SJ)

Хрысціяне Кіргізстана вымушаны сыходзіць у падполле

Новы закон аб рэлігіі ў Кіргізстане, які патрабуе ад рэлігійных арганізацый мінімум 500 дарослых чальцоў для рэгістрацыі, ставіць пад пагрозу існаванне многіх хрысціянскіх суполак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праваабарончая арганізацыя Open Doors паведамляе пра драматычныя наступствы новага закона аб рэлігіі ў Кіргізстане, які ўступіў у сілу 1 лютага 2025 года. Закон, прыняты парламентам 26 снежня 2024 года і падпісаны прэзідэнтам 22 студзеня 2025 года, патрабуе ад усіх рэлігійных супольнасцей абавязковай рэгістрацыі з неабходнасцю яе абнаўлення кожныя пяць гадоў.

"Патрабаванне збору подпісаў з'яўляецца амаль немагчымай задачай, паколькі многія хрысціяне жадаюць захаваць ананімнасць з прычыны страху рэпрэсій і парушэння іх прыватнасці", - адзначаюць у Open Doors.

Сітуацыя асабліва складаная для былых мусульман, якія прынялі хрысціянства. Яны часта збіраюцца ў невялікіх хатніх касцёлах і пазбягаюць афіцыйнай рэгістрацыі, каб пазбегнуць пераследу.

Паводле рэйтынгу Open Doors, за апошні год Кіргізстан апусціўся на 14 пазіцый у рэйтынгу краін з найбольшым пераследам хрысціян, заняўшы 47 месца. Гэта самае значнае пагаршэнне сітуацыі сярод усіх краін свету.

Арганізацыя таксама паведамляе пра павелічэнне колькасці нападаў на хрысціянскія храмы, уключаючы закідванне камянямі і ўварванні агрэсіўных груп у месцы набажэнстваў. Асабліва цяжкая сітуацыя ў жанчын-хрысціянак з мусульманскіх сем'яў, якія часта становяцца ахвярамі хатняга гвалту і пагроз, а ў некаторых выпадках выганяюцца з дому разам з дзецьмі.

07 лютага 2025, 11:14