Хрысціянскія лідары Конга вядуць перамовы з паўстанцамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча адбылася 13 лютага 2025 года ў горадзе Гома, які нядаўна перайшоў пад кантроль паўстанцаў. Па інфармацыі агенцтва Fides, дэлегацыю ўзначальваў генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Конга ксёндз Данасьен Нсоле, разам з прадстаўнікамі пратэстанцкай Царквы Хрыста ў Конга.
"Мы імкнуліся пераканаць нашых суразмоўцаў, што ўзброеная барацьба не з'яўляецца вырашэннем праблемы", - падкрэсліў святар пасля сустрэчы з прадстаўнікамі М23, сярод якіх быў Карнэль Нангаа, каардынатар Альянсу ракі Конга – палітычнага крыла паўстанцаў.
"Мы бачым, што ёсць прастора для перамоў, каб мірна вырашыць канфлікт", - адзначыў генеральны сакратар епіскапату. Паводле яго слоў, паўстанцы выказалі гатоўнасць да дыялогу і ўдзелу ў мірным працэсе.
Гуманітарная сітуацыя ў рэгіёне застаецца крытычнай. Паводле афіцыйных даных, у выніку канфлікту загінула каля 3 тысяч чалавек, сотні тысяч сталі ўнутранымі перасяленцамі. Міжнародныя назіральнікі паведамляюць пра "апакаліптычныя ўмовы" і паніку сярод насельніцтва.
Канфлікт, які зноў успыхнуў на ўсходзе Конга з пачатку 2022 года, працягвае пагражаць стабільнасці рэгіёна. Улады Конга і міжнародная супольнасць абвінавачваюць Руанду ў падтрымцы паўстанцаў М23, у той час як Руанда сцвярджае, што абараняе сваю тэрытарыяльную бяспеку і народнасць тутсі ў Конга.