Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Рэлігійныя ініцыятывы на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

Падчас 61-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з 14 па 16 лютага 2025 года Каталіцкі Касцёл і іншыя рэлігійныя арганізацыі падрыхтавалі шэраг малітоўных і адукацыйных мерапрыемстваў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведамляе прэс-служба Мюнхенска-Фрайзінгскай архідыяцэзіі, падчас правядзення міжнароднага форуму ў капліцы святога Хрыстафора ў мюнхенскім аэрапорце будзе гарэць святло міру. Для ўдзельнікаў канферэнцыі будуць даступныя тэксты малітваў на нямецкай і англійскай мовах.

Важнай падзеяй стане сімпозіум Бяспека ў Еўропе – рэлігійнае вымярэнне вайны і маральная адказнасць за мір, які пройдзе з 12 па 14 лютага 2025 года. Арганізатарамі выступілі Універсітэт Людвіга Максіміліяна ў Мюнхене, Украінскі каталіцкі ўніверсітэт у Львове і Універсітэт Нотр-Дам у ЗША. Чакаецца ўдзел кардынала Рэйнхарда Маркса з Мюнхена і біскупа Багдана Дзюраха, Апостальскага экзарха для ўкраінцаў візантыйскага абраду ў Германіі і Скандынавіі.

На 16 лютага 2025 года запланавана міжрэлігійная малітва за мір у касцёле святога Баніфацыя, ініцыяваная міжнародным рухам Pax Christi. У ёй возьмуць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, юдаізму, будызму, ісламу і бахаізму. Акрамя таго, 19 лютага 2025 года адбудзецца віртуальная малітоўная медытацыя з удзелам прадстаўнікоў будызму, індуізму, суфізму і хрысціянства.

Варта адзначыць, што з 10 па 16 лютага 2025 года ў Мюнхене праходзіць малітоўны тыдзень Munich Prays On, а ў розных касцёлах горада праходзяць шматлікія набажэнствы.
 

12 лютага 2025, 09:52