Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін і прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін і прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Паралін: палесцінцы павінны застацца на сваёй зямлі

У Рыме адбылася сустрэча паміж прадстаўнікамі Італіі і Святога Пасада, падчас якой абмеркавалі міжнародныя крызісы, у тым ліку сітуацыю на Блізкім Усходзе і ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

13 лютага 2025 года ў Палацы Барамэа ў Рыме прайшла традыцыйная сустрэча прадстаўнікоў Італіі і Святога Пасада з нагоды гадавіны падпісання Латэранскіх пагадненняў. У сустрэчы ўзялі ўдзел кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін, прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла і прэм'ер-міністр Джорджа Мелоні.

"Палесцінскі народ павінен мець магчымасць заставацца на сваёй зямлі. Ніякай дэпартацыі – гэта адзін з асноўных прынцыпаў", - падкрэсліў кардынал Паралін. Ён адзначыў, што суседнія краіны, у тым ліку Іарданія, выступаюць супраць перамяшчэння палесцінцаў, і адзіным рашэннем застаецца стварэнне дзвюх дзяржаў.

Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін і прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні
Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін і прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Што тычыцца сітуацыі ва Украіне, іерарх выказаў спадзяванне на дыпламатычнае вырашэнне канфлікту. "Ёсць шмат рухаў, шмат магчымасцей. Спадзяёмся, што яны рэалізуюцца і мы зможам дасягнуць міру, які, каб быць трывалым, павінен стаць справядлівым", - падкрэсліў дзяржаўны сакратар.

Падчас сустрэчы таксама абмяркоўваліся пытанні міграцыі. Кардынал Паралін адзначыў важную ролю Касцёла ў прыёме і інтэграцыі мігрантаў у Італіі, падкрэсліўшы неабходнасць стварэння пратаколаў супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні.
 

14 лютага 2025, 09:43