Кардынал Андэрс Арбарэліус падчас экуменічных нешпараў Кардынал Андэрс Арбарэліус падчас экуменічных нешпараў  (Karol Walko)

Кардынал Арбарэліус: шведы стаміліся ад секулярызацыі

Каталіцкі Касцёл у Швецыі перажывае ўздым: расце колькасць канвертытаў, з'яўляюцца новыя пакліканні да святарства, а антыкаталіцкія забабоны саступаюць месца павазе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Стакгольма кардынал Андэрс Арбарэліус у інтэрв'ю выданню La Croix адзначае істотныя змены ў шведскім грамадстве. Па яго словах, людзі стаміліся ад секулярызацыі, якая пазбавіла іх духоўных арыенціраў.

"Каталіцкі Касцёл у Швецыі не вядзе культурнай вайны, але застаецца цвёрдым у пытаннях маральнасці і не мяняе сваё меркаванне кожны дзень. Дзякуючы гэтаму карыстаецца павагай і прызнаннем", - падкрэслівае кардынал Арбарэліус.

Асаблівую цікавасць да рэлігіі праяўляюць маладыя мужчыны. У мінулым годзе ў Стакгольме былі пасвячаны чатыры новыя святары. Штогод каля сотні чалавек пераходзяць у каталіцтва – сярод іх лютэране, пратэстанты іншых веравызнанняў, атэісты і мусульмане.

Значныя змены адбыліся ў прававым статусе Каталіцкага Касцёла. Калі ў 1952 годзе католікам дазволілі працаваць настаўнікамі, то толькі з 2000 года Касцёл атрымаў поўнае раўнапраўе. "Цяпер мы аўтаномныя і можам нават набываць былыя пратэстанцкія храмы", - адзначае іерарх.

Гаворачы пра экуменізм, кардынал прызнае існаванне этычных і дагматычных разыходжанняў. "З лютэранамі лягчэй дасягнуць паразумення ў пытаннях дапамогі мігрантам, чым у пытаннях абароны жыцця ці сужэнства", - кажа Біскуп Стакгольма.

На пытанне пра напружанасць у шведскім грамадстве, выкліканую прысутнасцю мігрантаў, кардынал Арбарэліус нагадаў, што яшчэ 10 гадоў таму Швецыя мела вельмі адкрытую міграцыйную палітыку. "Сёння ўжо не так. У Стакгольме існуе пэўная форма сегрэгацыі паміж шведамі і імігрантамі. З'яўляюцца новыя праявы насілля, асабліва на ўскраінах нашых буйных гарадоў. Гэта з'яўляецца крыніцай вялікай занепакоенасці", - дзеліцца іерарх. Пры гэтым ён запэўнівае, што ўсе хрысціянскія веравызнанні працягваюць аказваць дапамогу ўцекачам.
 

20 лютага 2025, 10:13