Рэлігійныя лідары ЗША яднаюцца ў абарону мігрантаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У касцёле Святой Люцыі ў Ньюарку адбылася міжрэлігійная сустрэча, арганізаваная архідыяцэзіяй Ньюарка і арганізацыяй Faith in Action, як паведамляе партал OSV News. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі каталіцкай, яўрэйскай і мусульманскай супольнасцей.
"Мы бачым чалавечнасць у кожным чалавеку і стаім побач з самымі слабымі – дзецьмі, беднымі, сіротамі і, вядома, мігрантамі", - заявіў кардынал Джозэф Тобін, арцыбіскуп Ньюарка, заклікаючы да падтрымкі мігрантаў праз сустрэчы, суправаджэнне і малітву.
Паводле даных Faith in Action, чатыры з пяці нелегальных мігрантаў жывуць у ЗША больш за 15 гадоў. Эльза Саманьега, мігрантка з Перу, падзялілася сваімі перажываннямі: "Мы баімся адводзіць дзяцей у школу, наведваць паркі ці паведамляць пра злачынствы ў паліцыю з прычыны страху дэпартацыі".
Рабін Мардэхай Ліблінг падкрэсліў агульную адказнасць усіх рэлігій: "Твар Бога бачны ў кожным мігранце. Наш абавязак – шанаваць гэты твар". Імам Махамед Шарыф дадаў: "Іслам вучыць нас абараняць усіх людзей у патрэбе, незалежна ад іх паходжання".
Рэлігійныя лідары таксама абмеркавалі важнасць захавання недатыкальнасці школ, храмаў і бальніц. Яны заклікалі да супраціву праз малітву і пост у выпадку адмены гэтай палітыкі.
Новая адміністрацыя ЗША на чале з Дональдам Трампам, які мае ўступіць на пасаду 20 студзеня 2025 года, плануе правесці "найбуйнейшую аперацыю па дэпартацыі ў гісторыі Амерыкі". Гэтыя планы ўжо выклікалі шырокі супраціў у грамадстве, а некаторыя губернатары адмовіліся супрацоўнічаць у ажыццяўленні дэпартацый.
Grazie per aver letto questo articolo. Se vuoi restare aggiornato ti invitiamo a iscriverti alla newsletter Clicca Qui