Пошук

Карта пераследу хрысціян Open Doors. Ілюстрацыйнае фота Карта пераследу хрысціян Open Doors. Ілюстрацыйнае фота 

Паўночная Карэя зноў узначаліла спіс краін-ганіцеляў хрысціян

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Open Doors апублікавала новы Сусветны індэкс пераследу, які сведчыць пра значны рост рэлігійна матываванага насілля супраць хрысціян.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле даных праваабаронцаў, у перыяд з 1 кастрычніка 2023 года па 30 верасня 2024 года колькасць хрысціян, якія сутыкнуліся з "высокім узроўнем" пераследу і дыскрымінацыі, дасягнула 380 мільёнаў чалавек, што на 4 працэнта больш у параўнанні з папярэднім годам.

Насілле супраць хрысціян дасягнула крытычнага ўзроўню

"Сітуацыя становіцца ўсё больш крытычнай, і міжнародная супольнасць павінна неадкладна рэагаваць", - заявіў Курт Іглер, кіраўнік аўстрыйскага аддзялення Open Doors, каментуючы вынікі даследавання.

Паўночная Карэя ўжо трэці год запар і 23-ці раз з 1993 года ўзначальвае спіс краін, дзе хрысціяне церпяць найбольшыя ганенні. Асаблівую занепакоенасць выклікае сітуацыя ў Цэнтральнай Азіі і краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары.

Аўтарытарныя рэжымы пагражаюць свабодзе веравызнання

"У Цэнтральнай Азіі аўтарытарныя рэжымы ствараюць атмасферу страху сярод хрысціян", - адзначае Франс Вірман, кіраўнік даследчага аддзела Open Doors World Watch Research.

Асабліва рэзкі рост пераследу назіраецца ў Кіргізстане, які падняўся на 14 пазіцый і цяпер займае 47-е месца ў рэйтынгу. У Казахстане, які займае 38-е месца ў рэйтынгу, таксама ўзмацніўся дзяржаўны кантроль над рэлігійнымі суполкамі. Аналітыкі зафіксавалі шматлікія выпадкі паліцэйскіх рэйдаў падчас набажэнстваў і, што асабліва трывожна, факты сексуальнага гвалту ў дачыненні да хрысціянскіх жанчын.

У Афрыцы на поўдзень ад Сахары сітуацыя таксама застаецца вельмі напружанай. За справаздачны перыяд было зарэгістравана амаль 136 тысяч выпадкаў прымусовага перасялення хрысціян. Судан, дзе назіраецца рост колькасці забойстваў хрысціян і нападаў на іх маёмасць, падняўся з 8-га на 5-е месца ў рэйтынгу.

Open Doors паведамляе, што метадалогія складання індэкса праходзіць праверку і сертыфікацыю ў Міжнародным інстытуце рэлігійнай свабоды (IIRF).
 

15 студзеня 2025, 10:43