Пошук

Падчас прэзідэнцкай інаўгурацыі Дональда Трампа Падчас прэзідэнцкай інаўгурацыі Дональда Трампа  (ANSA)

Амерыканскія католікі спадзяюцца на змены з Трампам

National Catholic Register, якое з'яўляецца адным з найбольш уплывовых каталіцкіх выданняў ЗША, апублікавала грунтоўны аналіз перспектыў прэзідэнцтва Дональда Трампа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падкрэсліваецца, што пасля чатырох гадоў кіравання Джо Байдэна краіна мае патрэбу ў істотных зменах, асабліва ў пытаннях, якія маюць ключавое значэнне для каталіцкай супольнасці.

Рэдакцыя адзначае, што палітыка адміністрацыі Байдэна прывяла да значных эканамічных праблем: празмерныя выдаткі на інфраструктуру выклікалі рэзкі рост інфляцыі, а неўрэгуляваная іміграцыйная палітыка прывяла да крызісу на паўднёвай мяжы. Менавіта гэтыя фактары, на думку выдання, паўплывалі на рашэнне амерыканцаў перадаць кантроль над абедзвюма палатамі Кангрэса і Белым домам рэспубліканцам у 2024 годзе.

Асаблівую занепакоенасць у каталіцкай супольнасці выклікала пазіцыя папярэдняга прэзідэнта па пытаннях абортаў і гендарнай ідэалогіі. "Нягледзячы на сваё дэклараванае каталіцкае веравызнанне, Байдэн паслядоўна падтрымліваў пашырэнне правоў на аборты і ўкараненне гендарнай ідэалогіі ў школах і спорце", - падкрэслівае выданне.

Асабліва паказальным для разумення пазіцыі Байдэна стала яго рэакцыя на гістарычнае рашэнне Вярхоўнага суда ЗША ў 2022 годзе. Калі суд адмяніў прэцэдэнт Roe v. Wade, які з 1973 года легалізаваў аборты па ўсёй краіне, Байдэн не толькі выказаў незадавальненне, але і ўсклаў адказнасць за гэтае рашэнне на Трампа. Пры гэтым для каталіцкай супольнасці і іншых веруючых амерыканцаў гэтае рашэнне стала доўгачаканай перамогай у барацьбе за абарону жыцця.

National Catholic Register выказвае спадзяванне на тое, што новая адміністрацыя забяспечыць значнае паляпшэнне сітуацыі ў пытаннях рэлігійнай свабоды і абароны правоў сумлення медыцынскіх работнікаў. Хоць Трамп і заявіў, што не будзе імкнуцца да абмежавання абортаў на федэральным узроўні, ён падтрымлівае права штатаў самастойна ўводзіць абмежаванні ў гэтай сферы.

Рэдакцыя звяртае асаблівую ўвагу на супадзенне пачатку новага прэзідэнцкага тэрміну з Юбілейным 2025 годам, абвешчаным Папам Францішкам. "Гэта асаблівы час ласкі, калі людзі добрай волі ва ўсім свеце павінны наблізіцца да Бога, дараваць крыўды і імкнуцца да аднаўлення адносін у сем'ях і супольнасцях", - падкрэслівае выданне, спасылаючыся на заклік Пантыфіка.

У заключэнні артыкула рэдакцыя заклікае маліцца за поспех новага прэзідэнта, адначасова нагадваючы, што сапраўдная надзея грунтуецца не на палітычных лідарах, а на даверы да міласэрнасці і любові Божай.
 

23 студзеня 2025, 09:24