Хрысціяне дамінуюць у новым Кангрэсе ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле даследавання Pew Research Center, заснаванага на даных Faith on the Hill ад CQ Roll Call, 87 працэнтаў дэпутатаў новага, 119-га Кангрэса ЗША з'яўляюцца хрысціянамі. Гэта самы нізкі паказчык за апошнія 15 гадоў, аднак ён значна перавышае долю хрысціян сярод дарослага насельніцтва краіны, якая складае 62 працэнта.
Каталіцкае прадстаўніцтва ў Кангрэсе павялічылася на два месцы і цяпер складае 28 працэнтаў ад агульнай колькасці дэпутатаў. Гэта значна вышэй за долю католікаў сярод дарослага насельніцтва ЗША, якая складае толькі 20 працэнтаў.
Цікава адзначыць, што сярод пратэстанцкіх дэпутатаў расце колькасць тых, хто не ўказвае канкрэтную канфесійную прыналежнасць. З 300 пратэстантаў у Кангрэсе 101 вызначае сябе проста як пратэстант ці хрысціянін, у той час як у 2015 годзе такіх было толькі 58.
Самай значнай дыспрапорцыяй паміж Кангрэсам і грамадствам з'яўляецца прадстаўніцтва так званых nones – людзей без рэлігійнай прыналежнасці. У той час як амаль траціна дарослых амерыканцаў адносіць сябе да гэтай катэгорыі, у Кангрэсе толькі тры дэпутаты адкрыта заяўляюць пра адсутнасць рэлігійнай прыналежнасці.
Практычна ўсе рэспубліканцы і тры чвэрці дэмакратаў называюць сябе хрысціянамі. Пры гэтым сярод рэспубліканцаў пераважаюць пратэстанты, а сярод дэмакратаў амаль палова – католікі.
З моманту, калі Джон Ф. Кенэдзі стаў першым католікам-прэзідэнтам ЗША ў 1961 годзе, колькасць католікаў у Кангрэсе павялічылася на траціну. Акрамя таго, назіраецца павольны, але стабільны рост прадстаўнікоў нехрысціянскіх рэлігій – юдэяў, мусульман, індуістаў і будыстаў.