Sant'Egidio: надзея на мір жыве нават у часы 60 войнаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У свеце, дзе зараз адначасова адбываецца каля 60 узброеных канфліктаў, галоўнай задачай застаецца захаванне міру і аказанне гуманітарнай дапамогі. Пра гэта ў інтэрв'ю аўстрыйскаму выданню Vorarlberger KirchenBlatt заявіў генеральны сакратар Супольнасці Святога Эгідзія (Sant'Egidio) Чэзарэ Дзуконі.
Дыпламатыя сёння – карлік
"Сёння будаваць мір стала надзвычай складана. Дыпламатыя ператварылася ў карліка. Усеўзбройваюцца, гавораць толькі пра зброю. Але менавіта зараз у нас найбольшая патрэба ў мірным дыялогу", - падкрэслівае Дзуконі.
Sant'Egidio актыўна ўдзельнічае ў стварэнні гуманітарных калідораў для бежанцаў. З 2016 года дзякуючы намаганням супольнасці больш за 10 тысяч чалавек змаглі легальна трапіць у Еўропу – у Італію, Францыю і Бельгію.
Інтэграцыя – ключ да паспяховай міграцыі
"Мы дапамагаем жанчынам, дзецям, адзінокім людзям, якія перажылі жахлівыя рэчы. Яны прыбываюць легальна і інтэгруюцца ў мясцовае грамадства. Гэта дазваляе пазбегнуць стварэння паралельных грамадстваў", - тлумачыць генеральны сакратар.
Арганізацыя таксама актыўна ўдзельнічае ў мірных перамовах у розных рэгіёнах свету. Асаблівая ўвага надаецца Афрыцы – Паўднёваму Судану, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і зоне Сахеля. У Сірыі супольнасць цесна супрацоўнічае з мясцовымі Цэрквамі.
Што тычыцца Еўропы, генеральны сакратар выказвае занепакоенасць тэндэнцыяй да ізаляцыі. "Еўропа ўсё больш набывае выгляд крэпасці. Зразумела, мы не можам трымаць усе дзверы адчыненымі. Але мы павінны ствараць бяспечныя і легальныя шляхі для міграцыі", - кажа ён.
Міграцыя неабходная для Еўропы
"Міграцыя – гэта не толькі гуманітарнае пытанне. Еўропа – гэта кантынент, які старэе. Гэта факт. Хто будзе працаваць, хто будзе плаціць нашы пенсіі?" - задаецца пытаннем Дзуконі.
Генеральны сакратар таксама падкрэслівае важную ролю Касцёла ў сучасным свеце. "Нам патрэбны Касцёл, які ставіць у цэнтр Евангелле, Слова Божае, і разам з ім – бедных", - лічыцьён.
Надзея – не просты аптымізм
"Надзея – гэта не просты аптымізм. Яна нараджаецца з перакананасці, што Бог не пакінуў свет. Мы не адны. Магчыма, мы не заўсёды гэта бачым, але я перакананы, што гэта так", -падкрэслівае грамадскі дзеяч.
Супольнасць Sant'Egidio, якая была заснавана ў 1968 годзе ў Рыме, сёння працуе ў больш чым 70 краінах свету. За гады сваёй дзейнасці яна паспяхова ўдзельнічала ў мірных перамовах у Мазамбіку, Гватэмале і Паўднёвым Судане. Супольнасць таксама спрабавала ініцыяваць мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай, але пакуль без поспеху.