З малітвай і падтрымкай: біскупы едуць у Іерусалім
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Галоўнай мэтай з'яўляецца выказванне салідарнасці з хрысціянамі, якія жывуць у Ізраілі і Палесціне ў складаных умовах канфлікту.
"У сённяшняй сітуацыі, калі працягваецца вайна з яе разбуральнымі наступствамі, наша сустрэча ў Святой Зямлі з'яўляецца асабліва важным знакам", - падкрэсліў арцыбіскуп Падэрборна Уда Маркус Бенц, прадстаўнік Канферэнцыі Біскупаў Германіі.
Па словах кіраўніка рабочай групы па Блізкім Усходзе пры нямецкім епіскапаце, нягледзячы на тое, што канфлікт забраў "незлічоныя ахвяры з усіх бакоў і траўматызаваў многіх людзей у рэгіёне", патрабаванні справядлівасці і бяспекі сярод ізраільцян і палесцінцаў становяцца ўсё больш гучнымі.
Праграма прадугледжвае сустрэчы з Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма, кардыналам П'ербатыстам Піцабалам і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса. Біскупы плануюць абмеркаваць ролю хрысціянскіх Касцёлаў у канкрэтных ініцыятывах дапамогі і пошуках міру і згоды. Акрамя наведвання святых месцаў і правядзення набажэнстваў, запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі касцельных устаноў і дабрачынных арганізацый, а таксама з парафіянамі ў Палесціне.
Штогадовая міжнародная сустрэча біскупаў у Іерусаліме накіравана на падтрымку хрысціян у Святой Зямлі ў іх намаганнях па дасягненні справядлівасці, міру і паразумення паміж народамі і рэлігіямі, а таксама на ўмацаванне сувязей паміж сусветным Касцёлам і мясцовымі хрысціянскімі супольнасцямі.